Каўчсёрфінг: падарожжа па даверы

Каучсёрфінг – гэта сусветная суполка, фактычна сацыяльная сетка для вандроўнікаў. З ангельскай мовы назва перакладаецца даслоўна як “свабодныя канапы”. Аднак гэта не проста магчымасць бясплатна правесці некалькі начэй у чужой кватэры, а яшчэ і сродак пазнаёміцца з культурай краіны, паглядзець яе славутыя мясціны і набыць новых сяброў.

 

З гісторыі

 

Гісторыя каучсёрфінгу пачынаецца з 2000 года. Амерыканец Кейсі Фэнтан захацеў з’ездзіць у Ісландыю і набыў самы танны авіябілет. Але ў хлопца не было дастаткова грошай на гатэль, ды і жыць падобным чынам здалося вельмі нудна. Таму Кейсі даслаў каля 1500 лістоў ісландскім студэнтам і папрасіў у іх дапамогі. На здзіўленне хлопца, яму не толькі прапаноўвалі начлег і, але і экскурсіі па горадзе.

 

Аляксей, гарадзенскі каўчсёрфер: Неверагоднай функцыяй couchsurfing.org з’яўляецца “last minute coach”. Гэта адмысловыя групы для кожнага горада, дзе можна слёзна прасіць начлегу ў апошнія суткі перад прыездам, калі нармальным шляхам не ўдалося знайсці нікога. Бо бывае, што і тыдзень-два інтэнсіўных пошукаў сканчаюцца безвынікова. А там людзі сапраўды гатовыя прыняць у апошні момант. Літаральна два дні таму нейкі гішпанец знайшоў такім чынам начлег у Гродне за суткі да прыезду!

Пасля такога падарожжа Кейсі зразумеў, што трэба зрабіць падобныя прыгоды магчымымі для іншых людзей. З дапамогай сяброў, пасля трох год працы, была запушчана бэта-версія сайта. А ўжо ў студзені 2004 года couchsurfing.org стаў даступны ўсім жадаючым.

 

 

Прыкладна ў гэты ж час нямецкі студэнт Файт Кюе стварае сайт HospitalityClub.org. На той час у свеце было некалькі такіх старонак, але немцу ўдалося стварыць аптымальны варыянт – ён увёў сістэму праверкі пашпартоў, механізм водгукаў і каментароў ды абарону ад спаму. Усё гэта цалкам натуральна: “сёрферы”, якія шукаюць начлегу, жадаюць пасяліцца ў тых “хостаў” (асоб, што прымаюць гасцей) у якіх шмат добрых водгукаў. Сістэма каментароў дазваляе пазбегнуць грубых ці безадказных гаспадароў.

 


Рэгіструемся і давяраем

 

Сістэма каўчсёрфінгу вельмі простая. Спачатку трэба прайсці рэгістрацыю на сайце. Пасля гэтага вам прапануецца прайсці платную верыфікацыю – пацверджанне асобы – гэта для таго, каб пазбегнуць фэйкавых профіляў ды павысіць узровень даверу. Але гэты крок можна і прапусціць.

 

 

На couchsurfing.org існуюць групы паводле краін і гарадоў: што цікава, у групе Беларусь 917 карыстальнікаў, а ў групе Мінск ажно 1789. У гродзенскай – усяго 135 удзельнікаў.

 

Калі верыць статыстыцы couchsurfing.org, у Гродне жыве 225 карыстальнікаў.

 

Нядаўна была створаная група для падарожнікаў, якія хочуць вывучаць

беларускую мову.

 

 

Усё! Цяпер, калі вам патрэбна месца ў іншым горадзе, можаце шукаць чалавека, які вам дапаможа. Плата за такое жыллё, як правіла, гэта сувеніры са сваёй краіны і дапамога па гаспадарцы. Яшчэ адзін плюс каўчсёрфінгу ў тым, што многія мясціны, пра якія вам раскажуць і якія пакажуць жыхары горада, недаступныя для іншых турыстаў, бо проста не ўваходзяць у галоўныя турыстычныя маршруты.

 

Многія каўчсёрферы вядуць аднабаковую гульню: або яны толькі вандруюць, або толькі прымаюць гасцей. Гэта таксама нармальна. Незнаёмыя з сістэмай каўчсёрфінгу нярэдка кажуць аб небяспеках: вы прымаеце незнаёмых, прыводзіце ў свой дом, практычна даеце ключы. Вядома, галоўны прынцып – давер і без яго ніяк. Але ж такія вандроўнікі, як правіла, людзі вельмі ветлівыя, талерантныя, яскравыя, прыязныя і, канешне, адказныя.

 

Людміла, гарадзенская каўчсёрферка: Да мяне прыязджалі хлопец і дзяўчына з Масквы. Мы, разам з імі ды яшчэ адным гарадзенскім каўчсёрферам, выдатна правялі выходныя. Нашы госці былі ў захапленні ад убачанага. А хутка да мяне прыязджае каўчсёрфер з Дубая!

Каўчсёрфінг дапамагае не толькі троху зэканоміць, але і забяспечвае цікавую кампанію і экскурсіі не толькі па самых знакамітых месцах, але і па зацішных кутках.

Пускаць незнаёмых людзей у свой дом не баюся. Калі будзеш усяго баяцца – жыццё не будзе цікавым.

 

Асноўныя правілы для пачынаючых

 

1. У сваім профілі змясціце як мага больш інфармацыі і фотаздымкаў з вамі. Так лягчэй увайсці ў давер і зацікавіць патрэбных людзей.

2. Уважліва праглядайце профілі тых, хто просіцца да вас у госці.

3. Будзьце пунктуальнымі і адказнымі. Загадзя прадумайце план паездкі, дакладна папярэдзьце свайго “хоста” пра дату і час вашага прыезду.

4. Прывязіце сувеніры са сваёй краіны ці прыгатуйце нацыянальную ежу.

5. Будзьце прыветлівымі, адкрытымі і талерантнымі.

6. Абавязкова пакіньце водгук на свайго “хоста” на сайце.