Беларуская Прага

| Без катэгорыі

Вандроўка па «беларускай Празе» ахоплівае ўвесь цэнтр. У час яе можна ўбачыць месца, на якім у 15 ст., знаходзіўся т.зв. «Палац маркграфа Ёшта», дзе ў 1422 г. і 1424-1427 гг. меў рэзідэнцыю Жыгімонт Карыбутавіч, пляменнік Вітаўта і Ягайлы. Некаторы час ён быў каралём.

Недалёка ад былых каралеўскіх садоў знаходзіцца помнік Францішку Скарыну, які верагодна ў 1535-1539 гг. займаў пасаду каралеўскага батаніка і быў адным з заснавальнікаў каралеўскіх садоў. Акрамя помніка ў Клеменцінуме (комплексе будоў былой езуіцкай акадэміі) вісіць мемарыяльная дошка ў гонар першай старабеларускай друкаванай кнігі, якая выйшла ў Празе ў 1517 г.

 

 

Большасць беларускіх мясцін у Празе звязаны з гісторыяй першай паловы 20 ст., гісторыяй БНР. Напрыклад, дом, дзе меў кватэру Мікалай Вяршынін, консул БНР у Чэхаславакіі. Тут месцілася з 1918-1920 гг. місія БНР, а пасля, з 1923 г., Рада БНР.

 

Можна ў Празе знайсці і будынак, дзе ў 1930-я гг. знаходзілася Беларускае Культурнае Таварыства імя Францішка Скарыны – культурніцкая арганізацыя беларускіх студэнтаў.

Немагчыма абмінуць дом, у якім у 1943-1948 гг. жыла выбітная беларуская паэтэса, грамадска-палітычная дзеячка Ларыса Геніюш.

Вядомы і будынкі, дзе мелі кватэры Пётр Крэчэўскі, Васіль Захарка – прэзідэнты БНР. Яны пахаваныя ў Празе на Альшанскіх могілках. Сюды таксама варта наведацца. Тут знаходзіцца магіла сусветна вядомага опернага спевака і педагога Міхася Забэйды-Суміцкага.

У пачатку 21 ст. у Празе некаторы час жыў пісьменнік і грамадскі дзеяч Васіль Быкаў.

Гэта няпоўны пералік беларускіх мясцінаў Прагі. Усе іх можна наведаць нават самастойна, без экскурсавода. Галоўнае мець карту складзеную ў 2010 г. Зміцерам Кожухам і Паўлам Котавым. На ёй пазначаны не толькі асноўныя пункты, якія варта ўбачыць, але і падрабязная схема праезду.

 

Здымкі Юліі Каляды

 

 

Чытай пра іншыя падарожжы з дапамогай нашай інтэрактыўнай падарожнай мапы!

 


Глядзі Мапу падарожжаў “Твайго стылю” у большым памеры