Сусветны дзень турызму. Што можа прапанаваць Гродна?
Дэвіз быццам бы на сто адсоткаў адпавядае нашай краіне. Імпартазамяшчэнне, будаўніцтва ГЭС, а хутка і АЭС. З энергетыкай усё ў парадку. А вось з турызмам…
Тут таксама нешта робіцца. Напрыклад, паўстане абласны музей сельскагаспадарчай тэхнікі ды на месцы закінутых старажытных штольняў у Краснасельску таксама плануецца стварыць музей.
Кожны горад у свеце імкнецца прыцягнуць увагу турыстаў. Не толькі старажытнымі помнікамі, але і новымі ды арыгінальнымі, якія вабяць не менш. У Вашынгтоне, напрыклад, існуе помнік чарзе, а ў Парыжы – незвычайны помнік пальцу.
У нашым горадзе, на дзіва, за апошні час было пастаўлена вельмі шмат новых скульптур. Раней, гадоў 30-40 назад, усё больш ставіліся помнікі нейкім ваенным дзеячам. Напрыклад, помнік маршалу Сакалоўскаму на вуліцы Савецкай. Мы неяк да яго прызвычаіліся, а турыстам, тым больш, калі распавядаць пра ваенную гісторыю, можа быць і цікава. З савецкай эпохі можна вылучыць яшчэ стэлу ў Новым парку, якая не так даўно была адрамантавана. Тут жа, калі прайсціся па алеі, знойдзем памятны камень, які немудрагеліста распавядзе нам, што алея пасаджаная да 850-годдзя. Гродна, канешне. Але зараз на ім зялёнай фарбай намаляваны так званы кельцкі крыж.
Каб далёка не адыходзіць вернемся да Каложскай царквы куды прывозяць амаль усе экскурсіі. Тут стаіць памятны знак «Пагоня на Грунвальд». Па легендзе, менавіта адсюль князь Вітаўт павёў свае харугвы на вайну 1409-1411 гадоў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Сам жа драўляны Вітаўт сустракае наведвальнікаў паміж замкамі.
Кажуць, «Вітаўта» ставілі за адну ноч, у сярэдзіне 90-х гадоў. У гарсавеце камуністы былі супраць, аднак ініцыятыва сыходзіла ад гарвыканкама. Трэба памятаць, што часы былі іншыя і ўсё павінна было прайсці паводле закона – прыняць, зацвердзіць. А тут узялі і проста паставілі. Так і стаіць да нашых часоў.
Вялізны валун, што ляжыць каля Каложы – помнiк славутай гiстарычнай асобе – князю Давыду Гарадзенскаму.
З 90-х гадоў у Гродне засталося не так шмат помнікаў. Акрамя «Пагоні на Грунвальд» з выявай пагоні ёсць яшчэ толькі адзін памятны знак. Нават не помнік, а драўляная памятная шыльда на будынку Новага замка, якая ўшаноўвае памяць паўстанцаў 1794 года. Яшчэ адну, што была на чыгуначным вакзале, праз яго рэканструкцыю знялі.
Што тычыцца цікавых сучасных гарадзенскіх скульптур, дык тут усё вядома: у парку Жылібера ў апошні час з’яўвіўся і сам Жылібер, і Джузэпэ Сака, і русалка, і дзіўны парасон.
На вуліцы Ажэшкі – жабка-падарожніца, што, як ужо кажуць гарадзенцы, дапамагае спраўдзіцца марам аб падарожжах. Трэба толькі пагаманіць з ёю, пацерці яе вузельчык ды пакінуць тоё-сёе з грошаў. Не шмат, але пакінуць. Прынамсі, дробных купюр каля яе заўседы шмат.