Хуткасць, гонкі, адрэналін: усё ў адзін дзень

| Без катэгорыі

На гэтыя спаборніцтвы з’ехаліся аўтакаманды з усёй Беларусі. Не так даўно завершыліся этапы ў іншых гарадах – Гомелі, Віцебску, Брэсце – якія так і не выявілі пераможцаў. Акцыя «Спартоўцы – за бяспеку дарожнага руху» праводзіцца ў нашай краіне ў дзясяты раз і нязменна збірае вялікую колькасць гледачоў ва ўсіх гарадах. Што не дзіўна: вялікая хуткасць, відовішчныя трукі ды магчымасць паўдзельнічаць у цікавай забаўляльнай праграме прываблівае многіх.

 

Пакуль спартоўцы спаборнічалі ў індывідуальных і камандных заездах, вядоўцы ладзілі з гледачамі конкурсы. Адметнай асаблівасцю гродзенскага этапа было тое, што ў конкурсах удзельнічалі нават супрацоўнікі ДАІ.

Само дзеянне было вельмі відовішчным. Тым, хто ўдзельнічаў у спаборніцтвах апранулі так званыя «п’яныя акуляры» – адмысловае прыстасаванне, якое імітуе стан добрага ап’янення. У такіх акулярах трэба было прайсці адпаведную дыстанцыю з перашкодамі на хуткасць. Зрабіць гэта здолелі не ўсе. Гэта лішні раз паказвае, як небяспечна сядаць за стырно пасля ўжывання алкаголю.

Гледачы актыўна абмяркоўвалі спартоўцаў, чуліся фразы: «Вось мне б такую машыну, дык я б зрабіў!». Зрэшты, у кожнага ёсць шанец паўдзельнічаць ужо ў наступным годзе, падаўшы адпаведную заяўку. Для гэтага трэба проста мець пэўныя ўменні і навыкі, а таксама добра абсталяваны аўтамабіль.

 

Не абышлося без паломак: адна з камандаў выбыла са спабоніцтваў, здолеўшы аднак адрамантаваць свой «Пежо» і зрабіць ганаровы праезд пад апладысменты гледачоў.

Кажа адзін з удзельнікаў спаборніцтва Аляксей Каралёў (Мінск):

 

«Такія спаборніцтвы ўмацоўваюць і развіваюць навыкі кіравання. Як вядома, трапіць у аўтакатстрофу ў наш час вельмі лёгка ды і смяротнасць дастаткова вялікая. Таму ўвесь час трэба ўдасканальвацца, каб адчуваць машыну і поўнасцю трымаць сітуацыю пад кантролем».

Праз некалькі тыдняў ў Мінску пройдзе апошні этап Кубка «ADT.BY» па хуткасным манеўраванні на аўтамабілі, дзе і будзе вызначаны пераможца гэтых спаборніцтваў. Як кажуць арганізатары, цікавасць да спаборніцтваў велізарная.

 

 

Здымкі аўтаркі