LO_ok: «Мы аб’ядналі творчую тусоўку Гродна!»

|

Пра мазырскія карані, змест, аўдыторыю і ролю новага выдання ў культурным жыцці горада мы паразмаўлялі з рэдактаркай «LO_ok», вядомай у інтэрнэце як «Птичка». Паразмаўлялі як галоўрэд з галоўрэдам.

 

«Птичка» гэта імя ці прозвішча?

 

Псеўданім

 

А чаму ў вашым часопісе ўсе падпісваюцца псеўданімамі?

 

Так неяк склалася яшчэ ў Мазыры. Усё ж такі самвыдат, бяспечней пісаць пад псеўданімамі.

 

Вы займаецеся патэнцыйна небяспечнымі тэмамі? Палітыкай?

 

Ды не…

 

У Гродне сапраўды ўсё так кепска, што трэба каб людзі з Мазыра падымалі тут культурнае жыццё?

 

Не, проста я сама з Мазыра, але прыехала ў Гродна вучыцца. Гэта не нейкі дэсант актывістаў: паехала б вучыцца ў Брэст ці якія Івацэвічы і рабіла б тое самае. А ў Гродне не ўсё так кепска – гэта, прынамсі ў параўнанні з Мазыром, сапраўдная радзіма самвыдата. Дзеля гэтага і выбрала Гродна на месца вучобы.

 

А якія ёсць гродзенскія самвыдаты?

 

Мы. Вы…

 

Дзякуй. Чаго ўдалося дасягнуць за 3 нумары часопіса?

 

Перадусім, дзякуючы часопісу, сайту і афлайнавай актыўнасці нам удалося аб’яднаць раз’яднаную творчую частку гарадзенцаў, стварыць тусоўку крэатыўных людзей. Дайшло нават да таго, што да нас звяртаюцца, каб мы дапамаглі знайсці аднадумцаў: напрыклад, музыкі шукаюць фаершчыкаў для сумеснага выступу, або наадварот – фаершчыкі музыкаў, ці там мастакоў…

 

Ты сур’ёзна? У нашым невялікім горадзе ўсё яшчэ ёсць музыкі незнаёмыя з фаершчыкамі або фаершчыкі незнаёмыя з музыкамі?!

 

Атрымліваецца, так.

 

Ладна, я пакуль адыйду ад шоку, а ты кажы пра дасягненні.

 

Мы пашырылі рэдакцыю – калі першы нумар стваралі фактычна 2-3 чалавекі, дык зараз нас, стала звязаных з часопісам, ужо чалавек дзесяць і энтузіястаў яшчэ другія дзесяць. Мы выйшлі з універсітэта на ўзровень горада. І што асабліва мяне цешыць – у нас з’явіліся творчыя старонкі: мы публікуем вершы, прозу, малюнкі – у апошнім нумары ў нас ёсць комікс ад хлопца з Рыгі!

 Той самы комікс з апошняй старонкі вераснёвага LO_ok

 

Што павінен рабіць галоўны рэдактар, каб атрымаць на выхадзе добры часопіс?

 

Мусіць умець пісаць, здымаць, вярстаць… Фактычна ўмець усё для таго, каб самому выпусціць цэлы нумар – тады ёсць магчымасць дапамагчы кожнаму чалавеку ў калектыве, выправіць памылкі ў любым месцы, адказваць за якасць кожнага элемента.

 

А ўмець, змяніўшы пару словаў і пераставіўшы пару сказаў, са слабага тэкста зрабіць чытабельны і прывабны?

 

Гэта таксама павінен.

Прэзентацыя трэцяга нумара часопіса LO_ok, якая мела быць паэтычнай вечарынай, але прадстаўнікам “Твайго стыля” падалася некрафільска-дэкадэнцкай вакханаліяй

 

Хто ваш чытач?

 

Чалавек ад 16 да 32 год…

 

Дакладна да 32? А як вы замерылі гэта?

 

Эрыку, які вёў прэзентацыю апошняга нумара, 32 гады [смяецца]. Ну вось і здала чалавека. Але, думаю ёсць і старэйшыя чытатачы. Мне здаецца, што аўдыторыя шырокая і розная.

 

І штосці іх усіх аб’ядноўвае? Я пытаюся ў кантэксце зместа часопіса.

 

Калі казаць пра змест, то хутчэй кожная асобная катэгорыя людзей знойдзе ў часопісе штосці сваё. Мне гэта падаецца больш рэалістычным, чым нейкія матэрыялы для ўсіх.

Свая тусоўка вакол LO_ok ёсць – гэта бачна адразу

 

Вы ладзіце прэзентацыі ў розных месцах горада. Думаеце ўжо дзе правесці наступную?

 

Цяжка сказаць зараз, яшчэ не думалі. Але, магчыма, паспеем зрабіць яшчэ адзін восеньскі нумар «LO_ok» – калі атрымаецца, то даведаецеся хутка.

 

Наогул, мы вельмі хацелі «скарыць» Кальянную і гэта нам удалося. Да таго ж, у Гродне не так шмат месцаў, якія пасуюць да нашага фармату. Але адзначу, што прымаюць нас добра і ахвотна ідуць на супрацоўніцтва: у Tommy-бары частавалі кактэйлямі, у Кальяннай, натуральна, кальянамі. Мы ж дапамагаем ім рэкламай.

 

На каго вы арыентуецеся ў плане дызайна, зместу, агульнай канцэпцыі выдання? Каго чытаеце?

 

З беларускіх праектаў – 34mag…

 

А папяровую Студэнцкую Думку ў руках трымала?

 

Трымала!

 

Рэспект-паважуха. Але што далей з арыенцірамі?

 

Нават не ведаю, што яшчэ назваць.

 

Esquire? У яго модна «пазычаць» графічныя ідэі, ды і змест таксама.

 

Не ведаю, не чытала. Толькі сайт. Часопіса ў руках не трымала.

 

Пра што хацелі б напісаць, а ўсё ніяк не атрымліваецца?

 

Карпаратыўная таямніца. Не, сапраўды, гэта ж будзе ўжо зусім не цікава чытаць, калі ў нас усё ж атрымаецца.

 

Апошняе: прэзентацыі ў вас заўсёды ператвараюцца ў некрафільска-псеўдафіласофска-дэкадэнцкія вечарыны? Я кажу пра жахлівыя вершы, якія чыталі вашыя госці ў Кальяннай.

 

Калі ты кажаш пра апошнюю прэзентацыю, то, па-першае, людзям хутчэй падабалася чым не. А па-другое, пасля таго як ты сыйшоў, было акурат вельмі цікава!

 

Каюся!

 

     
      Найноўшы нумар часопіса «LO_ok» даступны для прагляду анлайн вось тут!      
     

 

Птичка – студэнтка журналістыкі ГрДУ з Мазыра, рэдактарка самвыдат-часопіса «LO_ok»

Аляксей Шота – журналіст, перакладчык, шчаслівы чалавек.

В.а. рэдактара сайта «Твой стыль»