«Людзі на балоце» і Pomidor/off у «Жывым Тузіне»

|

У межах акцыі, што праводзіць партал Tuzin.fm і кампанія «Будзьма беларусамі» адбудзецца не толькі прэзентацыя альбома «Людзі на балоце», але і ўласна мінская прэзентацыя гэтага праекта. Пад такой назвай гарадзенскія музыкі, вядомыя з шэрагу іншых гуртоў, у беларускай сталіцы яшчэ не выступалі.

 

«На канцэрце мы будзем прэзентаваць дыск, які мы зрабілі дзякуючы сваім сябрам, — кажа заснавальнік праекта Алесь Дзянісаў. – Да гэтага мы гуртом “Людзі на балоце” ўжо аднойчы выступалі ў Менску. Аднак гэта быў выступ у маленькім клубе і канцэрт прайшоў незаўважна. Гэтым разам будзе прэзентацыя альбома і некаторых лірычных песень, што не ўвайшлі ў альбом. Лірычныя песні на творы Дануты Бічэль, Андрэя Пяткевіча і Марыі Базылюк-Саснюк, паэткі з Бельска-Падляшскага.

 

Адразу скажу, што нам вельмі прыемна выступаць з Памідоравым. Усяго за сваю гісторыю нам удалося выступаць з ім тры разы: два ў Гародні, і адзін раз на “Пікніку” пад Валожынам».

 

Гурт збіраецца выканаць не толькі песні, што ўвайшлі ў дэбютны дыск, але і новыя кампазыцыі, якія стануць асновай ужо для наступнага альбома. У адрозненні ад дэбютніка наступная праца будзе хутчэй не гераічна-патрыятычнай скіраванасці, а больш лірычнай. Новыя кампазіцыі музыкі стварылі на вершы заходнебеларускіх паэтаў. На канцэрце можна будзе таксама набыць першы дыск «Людзей на балоце» па сімвалічным кошце.

 

«Людзей на балоце» падтрымалі дзейныя рок-каралі Беларусі — гурт Pomidor/off, якія збіраюцца сыграць праграму з сваіх найлепшых гітоў з альбомаў «Сьвята пакрадзенае» і «Патас/Попс/Прапаганда», а таксама паказаць колькі яшчэ незапісаных рэчаў.

 

Весьці канцэрты «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязменны вядучы радыёверсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі!».

 

17 кастрычніка (серада), 19:00. Loft cafe (вул. П. Броўкі, 22).

Кошт квітка — 50 000 руб, 60 000 руб (столік).

Квіткі будуць прадавацца непасрэдна перад пачаткам канцэрту! Замовіць столік можна загадзя па тэл. +375 29 38 000 10.

Іншыя пытаньні: + 375 29 6872093.