Гарадзенцам прадставілі гісторыю габрэйскай школы праз дакументы і фотаздымкі

|

 

 

Пра гісторыю стварэння гэтай выставы распавядае прафесар Сяргей Піваварчык:

 

 

“Я пазнаёміўся з Рут Маркус год таму ў час яе чарговага прыезду ў Гродна. Нехта даў ёй мой тэлефон, хіба ведаючы, што я займаюся габрэйскай гісторыяй горада. Яна мне расказала, што мае багата дакументаў і фотаздымкаў, якія звязаныя з гімназіяй Тарбут, і што хацела б зрабіць у Гродне выставу. Яна схадзіла ў музей, але там ёй адказалі, што гэта будзе не зусім згодна з іх профілем. Тады я сказаў, што калі яна не супраць, мы зможам арганізаваць такую выставу ў нас на факультэце. Таму што гэта цікава, гэта невядомыя старонкі нашай гісторыі.

 

Цягам года яна адабрала фотаздымкі, дакументы, даслала мне кампакт-дыск. А астатняе ўсё – гэта справа тэхнікі. Мы з ёй дамовіліся на канкрэтную дату, наша адміністрацыя пайшла насустрач і вось наш факультэт праводзіць гэтую выставу як вельмі добрую крыніцу нашай гісторыі”.

 

Сама Рут Маркус прадставіла сябе як доктара статыстыкі, адказала на пару пытанняў для гарадзенскіх журналістаў. Як аказался, яна вывучала расейскую мову толькі адзін год і не можа даваць лекцыю па-расейску. Таму на пытанні адказвала праз перакладчыцу.

 

“Прыкладна 9 год таму я знайшла нататнік свайго бацькі. З тых часоў я зацікавілася гісторыяй жыдоўскай супольнасці Лунна і Гродна, пачала адчуваць, што я нібыта жыхар вашага горада, раёна, вобласці.

 

Мой бацька нарадзіўся ў 1910 годзе ў Лунне і наведваў там пачатковую школу, а з 1926 да 1930 года – гімназію Тарбут у Гродне. Ён быў актыўным удзельнікам сіянісцкага руху, назва якога перакладаецца як “Маладая Гвардыя”. У 1932 годзе ён пакінуў Польшчу і адправіўся ў “Зямлю Ізраілеву”.

 

Спадарыня Рут вельмі цешылася, што яна “зноў тут у Гродне”:

 

“Гэта мой пяты візіт у такі цікавы горад . Мне вельмі падабаецца гуляць па гэтых вуліцах: Ажэшкі, Кірава, Савецкай. Гэта нагадвае мне пра маю сям’ю, а таксама пра габрэйскія абшчыны, што існавалі тут калісці. Сёння я прайшлася па вуліцы Ажэшкі і ўбачыла стары будынак універсітэта. Калісці гэта была Марыінская жаночая гімназія і яе ў 1906 годзе скончыла стрыечная сястра майго бацькі. Сёння я наведала музей і аддала туды здымак выпускнікоў гэтай гімназіі, якому больш за 100 год”.

Перад адкрыццём выставы гучала габрэйская музыка ў выкананні трыа гарадзенскіх музыкаў.

Выстава, што адчынілася сёння будзе экспанавацца ў Гродне яшчэ два месяцы і кожны жадаючы зможа яе ўбачыць.

 

Здымкі аўтара