Беларуская АЭС: падаражэла ў 4 разы і не будзе экспартаваць энергію

“Мы будуем АЭС, каб зрабіць канкурэнтаздольнай нашу эканоміку. Яна будзе працаваць на эканоміку Беларусі.. . Таму што нам складана прабіцца на знешнія рынкі з-за газу. Ён даражэе, і мы ўжо неканкурэнтаздольныя”, – гаворыць Міхаіл Міхадзюк.

 

Экскурс у гісторыю.

2010 год. Кіраўнік краіны перад прэзідэнцкімі выбарамі едзе ў Літву і … абяцае энергію з Астравецкай АЭС літоўцам. Значыць, тады рынкі былі.

 

Аляксандр Лукашэнка: “Калі мы будзем будаваць атамную станцыю то, калі ласка, давайце разам. Бо калі мы пабудуем адны, то вы непазбежна будзеце набываць электраэнергію з гэтай станцыі”.

 

 

А намеснік міністра Міхаіл Міхадзюк у той жа год прапануе … экспартаваць электраэнергію ў Польшчу.

 Міхадзюк: “З польскага боку прапрацоўваюцца пытанні будаўніцтва міждзяржаўнай лініі. Гэты праект прапануе стварэнне тэхнічнай магчымасці для павелічэння ў перспектыве экспарта электраэнергіі ў суседнія дзяржавы”.

 

І нават летам 2012 энергію з Астравецкай станцыі яшчэ планавалі прадаваць.

 

Прафесар Інстытута безперапыннай адукацыі БГУ, намеснік старшыні “Беларускай прамысловай асацыяцыі”:  “У сярэднетэрміновай перспектыве гэты праект дастаткова цікавы для Беларусі. Фактычна, Беларусі пераўтвараецца ў экспарцёра энергетыкі”.

 

Што ж змянілася за гэтыя некалькі месяцаў… Планы па экспарце энергіі, якую будзе выпрацоўваць станцыя, нагадваюць рост цэн на АЭС.

 

У 2005 годзе намеснік старшыні “Аб’яднанага інстытута ядзерных даследванняў “Сосны” Анатоль Якушаў называе цэну АЭС у 2,5 – 3 мільярды даляраў.

Ужо праз год у Міхаіла Мясніковіча сума большая – 3,5 мільярда даляраў. Яшчэ праз год міністр фінансаў Мікалай Корбут кажа пра 4 мільярды.

 

І ў 2009 годзе мы просім у Расіі 9 мільярдаў на АЭС. Гэта, каб “зменьшыць залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў”. Прытым, што станцыю будуць будаваць расіяне, адпаведна яны ж будуць прадаваць паліва для яе. І дзе мы зменьшым залежнасць…

 

А сёлета Аляксандр Лукашэнка кажа, што крэдыт на АЭС зацягнуў на 10 мільярдаў.

Зноў падаражэла: за 7 гадоў у 4 разы. 

 

Здымак http://www.moyby.com