На выпраўленне памылак рэстаўратараў Лідскага замка выдзяляюць 7 мільярдаў

|

Пра гэта 10 кастрычніка падчас святкавання Дня работнікаў культуры ў Нясвіжскім палацы паведаміў міністр культуры Павел Латушка.

 

Паводле Латушкі, «у 2013 годзе Міністэрства культуры лічыць прыярытэтным актывізацыю прац па рэстаўрацыі Навагрудскага, Крэўскага і Ружанскага замкаў, на якія плануецца выдаткаваць 10, 5 і 5 мільярдаў рублёў адпаведна. У пералік прыярытэтных аб’ектаў рэстаўрацыі варта аднесці ўнікальны сядзібны дом у вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна, на які плануецца выдаткаваць 16 мільярдаў рублёў рэспубліканскіх асігнаванняў і такі ж аб’ём мясцовых сродкаў, што дазволіць забяспечыць увод аб’екта ў наступным годзе».

 

Міністр культуры падкрэсліў, што «неабходна ўзмацніць працу па прыцягненні фундатараў для перадачы невыкарыстоўваных сядзібных комплексаў і іншых аб’ектаў спадчыны з мэтай забеспячэння іх захаванасці і ўключэння ў гаспадарчы зварот ці турыстычную інфраструктуру. Важнай задачай з’яўляецца павышэнне ўзроўню і якасці рэстаўрацыйных прац».

 

У 2012 годзе была распачатая рэалізацыя дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» на 2012–2018 гады, якой прадугледжана выкананне работ на 38 помніках. Сёлета работы праводзяцца на дваццаці аб’ектах.

 

За кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у 2012 годзе распачата распрацоўка праектнай дакументацыі на правядзенне кансервацыі замкаў у Крэве, Навагрудку, Гальшанах. Сродкі мясцовых бюджэтаў накіраваны на кансервацыю замкавых муроў і добраўпарадкаванне тэрыторый замчышчаў у Быхаве, Геранёнах, Браславе, Суражы.

 

На сённяшні дзень статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь нададзены 5555 аб’ектам. Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч пры гэтым упэўнены, што чыноўнікі Міністэрства культуры не зацікаўленыя ў наданні ахоўнага статуса большай колькасці помнікаў архітэктуры і збіраецца звяртацца ў суд.