Фотаклуб “Гродна”: 40 год народнай фатаграфіі

|

Юбілейная выстава сабрала фотапрафесіяналаў і фотааматараў рознага ўзросту. Былі і тыя, хто памятае станаўленне клуба, і тыя, хто толькі пачынае засвойваць прамудрасці мастацкай фатаграфіі.

 

Моладзі было вельмі шмат і гэта не дзіўна. Моладзевая студыя клуба штогод навучае мастацкай фатаграфіі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку школьнікаў і студэнтаў. Перадаюць свае веды не толькі самі фатографы, але і мастакі, выкладчыкі гарадзенскага ўніверсітэта, калекцыянеры фатаграфіі ды проста цікавыя людзі. Пасля заканчэння навучальнага года праводзяцца выставы “Фотадэбют” і “Фотаф’южн” якія з поспехам экспануюцца не толькі ў Гродне, але і ў іншых гарадах, а таксама за мяжой. Многія выхаванцы клуба – лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў фатаграфіі.

Гасцямі выставы сталі фатографы з Масквы ды Мінска. Павітаць прысутных прыйшоў таксама і старшыня гарвыканкама Барыс Казялкоў.

 

“Праца фотаклуба – вялікі ўклад у культурнае жыццё горада. Выставы, якія арганізуе фотаклуб, нязменна карыстаюцца папулярнасцю”, – сказаў ён ды пажадаў фотаклубаўцам плёну ды творчага натхнення.

З сярэдзіны 90-х гадоў кіраўніком Народнага фотаклуба “Гродна” з’яўляецца Аляксандр Ласмінскі, які ў 2011 годзе за сваю дзейнасць быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А ў час выставы яго ўзнагародзілі яшчэ і нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

 

     
  Фотаклуб “Гродна” быў арганізаваны ў кастрычніку 1972 года пры абласным Доме народнай творчасці.  Спачатку гэта была творчая самадзейная арганізацыя фотааматараў. У 2001 годзе фотаклубу было прысвоена ганаровае званне “народны”.  
     
  За гады сваёй дзейнасці клубам арганізавана і паказана  каля 380 выстаў мастацкай фатаграфіі, і гэта не толькі ў нашым горадзе. Геаграфія вялікая: працы гарадзенскіх фотамайстроў бачылі ў Расіі, Польшчы, Германіі, Літве ды Швецыі.  
     

 

 

Здымкі аўтаркі