Каманда “Скідзельскія буракі” вырвала “Кубак Волака і Вісека”

|

“Нашая перамога – гэта адсутнасць сур’ёзных сапернікаў, гэта наша шанцаванне і нешанцаванне супернікаў у першы дзень, – распавядае пра гульню Максім Варанецкі, адзін з гульцоў каманды “Скідзельскія буракі”. – У адным конкурсе яны не заўважылі пэўных дробязяў, якія падказвалі, як будуць будавацца адказы. Мы ж заўважылі, таму нам было прасцей адкідаць няправільныя варыянты. Кажучы падрабязней, у гульні “Рызыкуй” было тры туры па 10 пытанняў у кожным. Мы заўважылі, што адказы ідуць па алфавіце, ад А да К, а некаторыя каманды – не… Гэта нам дапамагло”.

 

Сама каманда параўнальна маладая: “Мы прыкладна адным і тым жа складам ужо год 5 граем. Пад гэтай назвай другі год. У камандзе 7 чалавек, аднак у гульні па традыцыях можа ўдзельнічаць толькі 6 чалавек. Звычайна нехта з нас і так не можа з’явіцца альбо бярэм з сабой на ўсялякі выпадак запаснога гульца”.

Гарадзенцы сталі пераможцамі сярод 27 дарослых і 7 дзіцячых каманд. “Кубак Волака і Вісека” існуе адмыслова для малых гарадоў (да 250 тысяч чалавек насельніцтва), а Гродна ўдзельнічае ў ім на адмысловых правах. У праграме сёлетняга турніра, акрамя класічнага “Што? Дзе? Калі?” (45 пытанняў), былі таксама гульні “6х6 для эрудытаў” і аўтарскія “Рызыкуй” і “Тройка”. Рэдагаваў пытанні і вёў турнір вядомы беларускі папулярызатар інтэлектуальных гульняў Леанід Клімовіч.

 

Ілюстрацыя wikimedia.org