18 кастрычніка Гродзенскі абласны гаспадарчы суд разгледзіць справу Валера Булгакава

14 верасня Валер Булгакаў прыехаў у Гродна, каб прадставіць новую кнігу з серыі часопіса «Arche» «Саветызацыя Заходняй Беларусі» аўтарства гісторыка Яна Шумскага. Чытачы змаглі набыць кнігу і папярэднія нумары часопіса.

Як выявілася, на сустрэчу прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі. Яны зрабілі кантрольны закуп. Былі сканфіскаваныя каля двухсот асобнікаў часопіса і кніг, на якія не было накладных. Валера Булгакава даставілі ў падатковую, адкуль адпусцілі позна ўвечары.

«Свабода» задала спадару Булгакаву некалькі пытанняў:


«Які юрыдычны статус выдавецтва «Arche»?

«Пытанне гэтае не зусім правільнае, бо такога выдавецтва не існуе ў прыродзе. Ёсць часопіс „Arche“, які зарэгістраваны ва ўстаноўленым законам парадку. Ёсць кніжкі, якія мы паказваем нашым чытачам падчас сустрэчаў. Яны могуць быць выдадзеныя рознымі выдавецтвамі.

Таму, з аднаго боку, ёсць перыядычная, штомесячная публікацыя часопіса „Arche“. І з другога боку — кніжкі розных выдаўцоў, як беларускіх, так і замежных».

«Ці ёсць у вас ліцэнзія на права гандлю?»

«Ліцэнзіі на права гандлю ў нас не было. І з гэтым звязанае тое затрыманне, якое адбылося 14 верасня. Але я хачу сказаць, што дэ-факта ў еўрапейскіх краінах склалася такая традыцыя, калі дробная колькасць нейкай друкаванай прадукцыі падчас публічных імпрэзаў прадаецца, як кажуць, з рук. Калі, напрыклад, вы зойдзеце ў Франкфурце-на-Майне на вядомую міжнародную кніжную выставу, то пабачыце — такая практыка там і паўсюль прынятая.

Уласна кажучы, 14 верасня сітуацыя была трошкі ненармальная, бо адбывалася прэзентацыя не ў Мінску, а ў Гродне. І, натуральна, везьці з сабою касавы апарат дзеля 25 штук кніжак і часопісаў было не вельмі зручна. Хоць мы планавалі гэта зрабіць.

З чыста юрыдычнага пункту гледжання падатковая інспекцыя ў Гродне мела права зрабіць тое, што яна зрабіла. Але няма сумневу, што гэта не звычайная, руцінная рэч. Гэта быў пачатак кампаніі супраць нашага часопіса».


«Чаго вы чакаеце ад заўтрашняга суда? Як будуць дзейнічаць улады? Як будзеце дзейнічаць вы? Ці будзеце працягваць сваю дзейнасць?»

«Я не чакаю нейкіх зверскіх рашэнняў. Думаю, што ўсё адбудзецца ў плоскасці скарацечнага разгляду і прысуджэння нейкага штрафу. Спадзяюся, гэта застанецца ў памяці як прыкры эпізод».