Гарадзенцам прадставілі горад у макетах і праектах
Пра выставу распавядае галоўны архітэктар інстытута “Гроднаграмадзянпраект” Аляксандр Тараненка (на здымку):
“Адна з галоўных работ, якой зараз займаецца інстытут – размяшчэнне комплексу будынкаў гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на новай вуліцы горада – вуліцы Дубко.
Вялікая і цікавая праца. Ужо выкананая першая стадыя – абгрунтаванне інвестыцый. Зараз займаемся архітэктурным праектам гэтага комплексу, які будзе займаць каля 10 гектараў.
На вул. Дубко будуць размешчаны 4 факультэты, спартыўныя аб’екты, інтэрнаты і многае іншае, што звязана з навучаннем і адпачынкам студэнтаў.
Адна з вядучых работ – гэта рэканструкцыя гарадзенскай абласной філармоніі. З савецкага палаца культуры хімікаў зробім культурны аб’ект, які будзе самым галоўным у вобласці.
Там будзе самая вялікая ў горадзе зала на 1239 месцаў. Цяпер да нас могуць ехаць розныя зоркі, якія не ехалі да нас таму, што ў нас не было залы – “тысячніка”.
А вось яшчэ адно з гарадзенскіх пачынанняў: два моладзевыя цэнтры.
Адзін ужо гатовы: на базе рэканструюемага кінатэатра “Гродна” у цэнтры горада. А другі – гэта рэканструкцыя дома культуры будаўнікоў (на вул. Касманаўтаў – рэд.).
Гэты будынак мы праектавалі ў 1985 годзе. Яго амаль адразу пабудавалі і ён амаль 27 гадоў стаяў і рассыпаўся. Менавіта гэты праект хацелі паказаць прэзідэнту, але сустрэча не адбылася.
Сама выстава прымеркавана да тыдня беларускай архітэктуры. Мне здаецца, што такое мерапрыемства стане традыцыйным”.
Выстава у горадзе ўжо цягнецца некалькі тыдняў і пад сваім дахам сабрала вялікую колькасць аматараў гарадзенскай архітэктуры.
Фота аўтара