Як пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў і адыходаў гарадзенцам падкажа “Зялёная мапа”
На інтэрактыўнай мапе горада пазначаныя ўсе пункты другаснай сыравіны ды месцы, куды можна здаць не толькі пабітае шкло і макулатуру, але небяспечныя адыходы, непатрэбныя кнігі, вопратку і ўжываную тэхніку.
Мапа дае магчымасць хутка знайсці бліжэйшае да вас месца, дзе можна здаць адыходы на перапрацоўку, даведацца рэжым іх працы.
Абярыце катэгорыю – рэчы, другасная сыравіна альбо небяспечныя адыходы – пасля падвід ( папера, шкло, пластыкавыя бутэлькі і г.д.). Клікніце на маркер на мапе, і ўбачыце дакладны адрас пункта і неабходную дадатковую інфармацыю.
На сайце можна пакінуць і водгук пра пункт прыёму, і дадаць альбо ўдакладніць інфармацыю.
Усю інфармацыю сабралі актывісты ініцыятывы “Зялёны Гродна”.
Удзельніца ініцыятыўнай групы Юля Каляда:
–На гарадзенскай “Зялёнай мапе” – каля 100 адрасоў нарыхтоўчых пунктаў, бібліятэк, крам, розных арганізацый, якія прымаюць у насельніцтва другасную сыравіну альбо непатрэбныя рэчы. Напрыклад, бібліятэкам горада можна падарыць кнігі, мэблю на камісію прымаюць у краме на Даватара. Мы налічылі ў Гродне 17 крам, якія прымаюць выкарыстаныя батарэйкі.
“Чырвоны крыж” прымае вопратку і абутак, але, калі ў базе дадзеных ёсць людзі, якія маюць патрэбу, напрыклад, у побытавай тэхніцы, і знойдзецца той, хто можа яе ахвяраваць, “Чырвоны крыж” таксама дапаможа.
Адрасы і тэлефонныя кантакты кожнага пункта ёсць на нашай мапе, таму ў любы момант можна звязацца і ўсё ўдакладніць.
На збор і праверку інфармацыю ў нас пайшло каля 2 тыдняў.
“Зялёная мапа” – праект “Цэнтра экалагічных рашэнняў” (Мінск). Першай запрацавала інтэрактыўная мапа Мінска, цяпер з’явілася мапа Гародні, а ў хуткім часе на сайце з’явіцца гомельская старонка.