Восеньскія рыцарскія баі ў Лідзе
Нягледзячы на дрэннае надвор’е, цікаўных сабралося вельмі шмат. Усіх іх размясцілі на адноўленых галерэях Лідскага замка.
– Ці зручна было глядзець, ці бачна было, што адбывалася ўнізе? – пытаюся ў гледачоў.
– Глядзець-та зручна, аднак трэба, каб унізе праходзіла ўсё больш маштабна.
Сапраўды, “Ваярскі гульні” не асабліва вялікі фестываль і мае рэгіянальны характар. Тым не менш, як кажуць у ассяроддзі сярэднявечнай рэканструкцыі, – сезон скончыўся, мерапрыемстваў мала, клубы імкнуцца куды-небудзь яшчэ выехаць. Таму вось такія восеньскія фэсты і збіраюсць дастаткова ўдзельнікаў.
У праграме традыцыйна прысутнічалі рыцарскія турніры, жывая музыка, агульныя бойкі-бугурты былі жорсткімі і відовішчнымі, а майстар-класы па танцах сабралі шмат ахвотных патанчыць.
Сам жа замак знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі. Я б нават сказала – у стадыі будоўлі.
Як вядома, для выпраўлення пралікаў у рэстаўрацыі мінулых гадоў з бюджэта будзе выдзелена 7 мільярдаў рублёў. Пра гэта 10 кастрычніка паведаміў міністр культуры Павел Латушка падчас святкавання Дня работнікаў культуры ў Нясвіжскім палацы.
На афіцыйным сайце Лідскага райвыканкама мы можам знайсці інфармацыю, што ў 2011 годзе на тэрыторыі замка будуць пабудаваны згодна з праектам наступныя будынкі і збудаванні: будынак універсальнага прызначэння, трыбуны для гледачоў, гандлёвыя шэрагі, кузня, калодзеж…
З гэтага на дадзены момант пабудаваны толькі трыбуны (калі драўляныя навесы можна лічыць за трыбуны). Усе астатнія будынкі зроблены напалову і вельмі неахайна. Гэта бачна нават не спецыялісту. Дарэчы, у іх, як кажуць мясцовыя, плануецца размясціць кавярні і крамы.
А пакуль рыцары забаўлялі гледачоў, я запытала супрацоўніцу лідскага музея:
– Як Вам рэстаўрацыя замка?
– Вы яшчэ ўнутры не бачылі! – коратка адказала яна.