“Рабкор Live” ад “Ляпісаў” у Кіеве: маленькі крок насустрач волі
На нейтральнай тэрыторыі паміж Беларуссю і Украінай цягнулася вялізная чарада легкавых машын. Наперад яны не рухаліся. Кіроўцы з пасажырамі пакорліва чакалі сваёй чаргі перасекчы мяжу.
Было горача. У галаве мільганула думка: “А што, калі ўсё спланавана і нікога сёння не выпусцяць з краіны?” Мы падышлі да памежнай будкі.
– А вы як тут апынуліся? – падазрона спытаў чалавек у форме.
– Мы прыйшлі. Пешшу, – адказалі мы, працягваючы памежніку пашпарты.
– І куды вы так ідзяце? – памякчэў памежнік.
– У Кіеў, – з усмешкай адказалі мы.
– Ну, калі ў Кіеў… – і ён аддаў нам пашпарты з паперкамі.
Мы дасталі таблічку “Кіеў” і пачалі спыняць машыны.
Злева прамчаўся аўтобус, перапоўнены моладдзю. Хтосьці махаў нам рукой, хтосьці бел-чырвона-белым сцягам.
– Выбачыце, не падкажаце, як дабрацца да клуба “Stereo Plaza”?
– А мы самі шукаем. На “Ляпісаў” ці куды? Таксама беларусы? А адкуль прыехалі? Як вы нас вылічылі?..
Так мы пазнаёміліся з работнікамі “Беларуськалія” з Салігорска. Яны прыехалі на канцэрт на адным з заказных аўтобусаў і яшчэ раніцай паспелі абыйсці з экскурсіяй паў-Кіева.
Мы падыйшлі да будынка клуба. Вялізная чарга была бачная здалёку. У чаканні канцэрта мы паспрабавалі апытаць людзей, хто адкуль прыехаў. Было цікава, ці шмат тут беларусаў. Па нашых прыблізных падліках атрымлівалася, што пароўну было беларусаў і ўкраінцаў. Людзі прыехалі на канцэрт з Мінска, Магілёва, Салігорска, Маладзечна, Гародні, з Гомеля, Брэста.
Месца ў фан-зоне было мала. Зміцер “Сід” Спірын – дзі-джэй на разагрэве ў “Ляпісаў”, сказаў, што прададзена каля 4,5 тысяч квіткоў. Ён круціў знакамітыя трэкі, спрабаваў завесці натоўп, але людзі былі нібы жалезныя. Усе прагна чакалі “Ляпісаў”.
Калі на сцэну выйшаў Сяргей Міхалок, пачалося штосьці неверагоднае. Людзі сталі прапіхвацца да сцэны, расштурхоўваючы адзін аднаго.
Пачалася цісканіна, стала цяжка дыхаць, і ўжо пасля першай песні мы адышлі далей ад сцэны. Моц “Ляпісаў”, сіла іх уздзеяння на натоўп, вершы Сяргея Міхалка, якія гучалі як “гром рэвалюцыі” – усё гэта выклікала глыбока патрыятычныя пачуцці. Граюць “Ня быць скотам!” – і ты адчуваеш сябе адным з барацьбітоў за волю. “Маеш яйцы?” – тут цябе ўжо нібы бяруць на понт. І ты крычыш, скачаш пад завадныя ска-матывы, і, вядома, упэўнены, што яйкі маеш.
Вакол цябе людзі з мокрымі ад поту валасамі і такой жа мокрай адзежай. Скачучы, ты натыкаешся на нейкага дзядзю-пузаціка ззаду, і цябе зноў спружыньвае-адкідвае наперад, але ты усё роўна шчаслівы. Ты выкрыкваеш словы песень, не клапоцячыся пра тое, што з боку гэта выглядае вельмі агрэсіўна.
А потым раптам “Я веру”, і ўнутры штосьці абрываецца. Усе сядаюць на падлогу. Рукі цягнуцца ўверх. Гэта ўжо супраціў без гвалту. Унутры цябе адбываецца маленькая рэвалюцыя, ты робіш яшчэ адзін крок насустрач волі.
Калі на экране ты бачыш поўны малюнак таго, што адбываецца вакол, то разумееш, што людзей больш, чым ты можаш убачыць ці нават уявіць, што ў зале паўсюль уздымаюцца дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў.
І вось тады прыходзіць поўнае ўсведамленне таго, што гэта не канцэрт, а мітынг, самы сапраўдны мітынг з выкрыкваннем лозунгаў і слоганаў – тэкстаў песень. І калі дома, у Беларусі, ты просты офісны супрацоўнік, прыкладны студэнт ці школьны настаўнік – то тут ты барацьбіт.
Пасля канцэрта людзей з клуба выпускаюць вельмі павольна. З-за гэтага каля прыбіральні і гардэроба адбываюцца коркі. Тыя, хто разумее, што магчымасцяў хутка выйсці мала, сядаюць проста на падлогу, і фан-зона нагадвае поле пасля грандыёзнай бітвы.
Мілыя ўкраінкі гадоў пятнаццаці кажуць, што ходзяць на ўсе канцэрты “Ляпісаў” у Кіеве. Беларусы суровыя і нешматслоўныя — напэўна, з-за недаверу да СМІ, але і на іх тварах чытаецца задавальненне.
Стомленыя дарогай і мітуснёй, людзі ўсё адно выглядаюць шчаслівымі.
Здымкі http://focus.ua