Адзінства насуперак межам
Адзін з меней папулярных, а дзякуючы гэтаму не перапоўнены турыстамі і танны – рэгіён Цешынскай Сілезіі.
Экскурсію лепш пачаць з ваколіц. Сталіца польскага піва – невялікі горад Жывец – адзін з самых заходніх пунктаў Галіцыі, на самой мяжы з Сілезіяй. Не гледзячы на невялікія памеры, месца ў мінулым мела цікавую гісторыю, а сёння – вялікі прыбытак з піўной прадукцыі. Таму варта пабываць у абодвух музеях: гістарычным і піўным.
Першы знаходзіцца ў даўнім замку Габсбургаў – колішніх гаспадароў гэтай зямлі. Што цікава, іх прысутнасць не толькі не была звязаныя з германізацыяй, але наадварот – у ХХ ст. жывецкія Габсбургі цалкам спаланізаваліся і былі палымянымі патрыётамі адроджанай Польшчы.
Калі пашчасціць, то падчас шпацыру ў парку можна сустрэць апошнюю з гэтага адгалінавання роду – Марыю Крыстыну Габсбург. Або ўбачыць яе ў вакне суседняга з замкам новага палаца. Не гледзячы на свае 85 гадоў, яна яшчэ даволі ясна мысліць, а жыхары горада яе вельмі шануюць.
Макет жывецкага бровара ў ХІХ ст.
Тут рабілі піва яшчэ 100 год таму А тут робяць сёння
Музей піва гэта сучасная мультымедыйная выстава ў сутарэннях старога бровара. Наведвальнікі праходзяць праз гістарычныя эпохі і сочаць за развіццём жывецкага піваварэння. А пасля гістарычнай часткі, экскурсавод кліча ў новую фабрыку, дзе можна ўбачыць, як робіцца піва сёння. У канцы, пасля доўгага і стамляючага паходу, гасцей чакае дэгустацыя (!) і фірмовы падарунак – піўныя шклянкі «Жывец».
Наступны пункт паездкі – Бельска-Бяла. Некалі гэта былі два асобныя гарады, размежаваныя ракой: Бельска быў у Сілезіі, а Бяла – у Галіцыі.
Статуя пагражае шабляй у бок Чэхіі. Трыста метраў ад яе яшчэ нядаўна была мяжа
Толькі ў 1951 годзе гарады былі злучаныя ў адно. Сімвалічна праходзім праз мост і, па вялікім рахунку, можам ужо ехаць далей. Або паглядзець крыху стары горад: Бельска калісці называлі «Малой Венай». Гэта не павінна здзіўляць, калі добра прыгледзецца да старых камяніц і ўлічыць, што ў 1920 годзе, калі горад далучылі да Польшчы, нямецкамоўных жыхароў было ажно 87%.
На адным беразе польскі, а на другім – чэшскі Цешын. Здагадайцеся, дзе які
Цэнтр вандроўкі – Цешын, таксама падзелены ракой, але ў гэтым выпадку адна частка горада ў Польшчы, а другая – ужо ў Чэхіі. Горад падзяліўся пасля Першай Сусветнай вайны, калі чэхі і палякі змагаліся за гэтыя памежныя тэрыторыі.
Калодзеж, з заснавання якога, паводле легенды пачаўся Цешын
Але сёння ўжо ніхто не замінае прайсці праз Мост Сяброўства, каб пакаштаваць чэскага піва, ці ў адваротны бок, каб прагуляцца па Старым Горадзе – ён цалкам застаўся на польскім беразе.
З таго што варта ўбачыць – замкавая вежа і раманская ратунда, а таксама самая вялікая ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе евангеліцкая царква. Гісторыя пратэстантызму – вельмі істотная частка гісторыі ўсяго рэгіёну.
Калі пашанцуе, можна трапіць у музей царквы і даведацца пра змаганне мясцовых пратэстантаў за магчымасць легальна практыкаваць сваю веру. Некалькі вартых залаў ёсць у мясцовым правінцыйным музейчыку. Аднак экспанат «абутак Яна Паўла ІІ» можа ўпэўніць толькі ў адным – у Польшчы вакол гэтай асобы ўжо сапраўдная параноя.
Цешын таксама багаты на культурнае жыццё: там праходзіў папулярны кінафестываль «Era Nowe Horyzonty», а сёння ў ім ладзіцца фестываль «Kino Na Granicy» – прагляд польскага, чэскага, славацкага і вугорскага кіно.
З чэскага боку нас чакаюць замкі. Самы цікавы з іх – Гуквальды. Не гледзячы на тое, што гэта сёння руіны, ён і так уражвае захаванасцю і маляўнічымі краявідамі навокал. Ствараюць іх невялікія горы – Бескіды, зарослыя лясамі. Варта узыйсці на адну-дзве вяршыні, бо яны, побач з гісторыяй, ствараюць спецыфіку рэгіёна. Наўрадці мы сустрэнем сапраўдных горцаў, але можна натрапіць на таемныя лясныя алтары – сведкі часоў пераследу пратэстантаў.
> |
|
Большасць замкаў не аднойчы перабудоўвалася, таму сёння шмат з іх гэта фактычна палацы. Гэта датычыць замку ў Фрыдэку-Містэку, маленькім гарадку, які таксама паўстаў з аб’яднання двух суседніх (тэндэнцыя неякая!). У Градцы над Маравіцай усмешку выклікае неагатычны Чырвоны Замак, ледзь не цалкам узяты з Дыснэйлэнда. Дадатковая нечаканасць – тое, што гэты будынак – толькі пакоі для службы, а гаспадары жылі ў суседнім Белым Замку.
Гарады памежжа здзіўляюць вялікай колькасцю фігур святога Яна Нэпамуцэна. Яго культ пашыралі некалі езуіты, каб паслабіць моцны культ Яна Гуса, але да сённяшняга дня святы стаіць на кожным пляцы. Не глядзячы на тое, што 80% чэхаў – атэісты, ніхто святога з публічных месцаў не прыбірае. А можа справа ў тым, што непасрэдна на памежжы Польшчы касцёлы яшчэ дзейнічаюць?
Чэхі адметныя таксама сваім стаўленнем да гісторыі. Яны не змяняюць назвы вуліцы «Рэвалюцыйная» на нейкую іншую, не нішчаць помнікі савецкім жаўнерам, а наадварот, аднаўляюць іх. Гэта ж таксама іх гісторыя, праўда? Зусім іншае стаўленне да мінулага, чым у суседняй Польшчы.
Іншае стаўленне таксама да таго, як павінны працаваць крамы: будучы ў суботу ў Апаве, я не мог купіць нічога – зачынена было ўсё. Асабліва здзівіў час працы крамы на Рынку – ад 6 да 11. Некаторыя ў гэты час яшчэ спяць! Добра, што гэта быў апошні дзень паездкі і ніхто не памёр з голаду.
Калі падсумаваць: цікава, танна, у пэўным сэнсе арыгінальна. Рэкамендую!
Царква Ісуса – самая вялікая лютэранская святыня ў рэгіёне
Аляксей Шота