Уваскрасенне духовасці Едруся Мазько
Выданне кнігі ініцыявала жонка Галіна Мазько:
– Зборнік выдадзены ў тым выглядзе, у якім уклаў яго Эдзік. Дададзена толькі вокладка. Але гэта не ўсе яго вершы – тут толькі 77. І калі Бог дасць сілы, з дапамогай добрых людзей надрукуем яшчэ адну кнігу Едруся, у якую будуць уключаныя ўсе вершы і навуковыя працы.
Эдуард Мазько, ці Едрусь (так падпісваў свае вершы і так яго называлі блізкія) паходзіў з Палесся. Але прыехаў у Гродна паступаць на гістфак і тут застаўся жыць і працаваць. Чаму Гродна? Жонка Галіна патлумачыла гэтак: “яго накіравалі сюды Зверху”.
Уласна прэзентацыя, якую вёў гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч, складалася з гісторый-успамінаў, якія па чарзе распавядалі калегі, сябры, знаёмыя Едруся. А паміж успамінамі гучалі вершы Едруся – іх прыгожа зачытвалі студэнткі. І гэтак за кожным маленькім аповедам складвалася асоба чалавека, які, пражыўшы ўсяго 41 год, здолеў пражыць столькі, колькі іншыя не пражываюць за 100 гадоў.
Сяброўка сям’і Алена:
– Ён ніколі ні да чаго не быў раўнадушным. Ён меў прагу да ўсяго: адкрываць, вывучаць, пазнаваць, ведаць. Ён абураўся, што піша лекцыі, а студэнты іх не слухаюць, і ўсё роўна ён іх пісаў. Да кожнага студэнта ён ставіўся як да адзінай і непаўторнай асобы.
Аднак пры вялікай празе жыцця Едрусь пісаў сумную паэзію. Верш “Спроба ідэнтыфікацыі смерці” – адзін з паказальных у гэтым сэнсе твораў. Прафесар Ігар Жук у гэтым вершы бачыць “вяшчунне, прадказанне”:
– А той, хто мае такія прадчуванні, той вяліка-духоўны чалавек, і калі вяліка-духоўны, то ён і вялікі паэт.
Літаратуразнаўца Святлана Тарасава:
– Перад гэтай сустрэчай я праглядала вершы Едруся, надрукаваныя ў розныя гады ў розных калектыўных зборнікаў. Я для сябе адзначыла такую парадаксальную думку: нават у юнацкія гады ён пісаў сумныя вершы. У гэтую пару пішацца пра каханне, юнацтва, а ў Едруся ў 19 гадоў былі ўжо вершы на тэму смерці. І яшчэ я перакананая: тое, што выдадзена Эдзікам, гэта ўжо не гісторыя, гэта будучыня, якая яшчэ будзе асэнсавана, нават калі паэта не будзе.
Гісторык Інна Соркіна працягвае думку:
– Эдзік быў хрысціянінам, нягледзячы на яго сумныя вершы. Ён быў вельмі жыццесцвярджальным чалавекам. Ён так казаў: “Я хрысціянін, і веру, што дабро заўсёды перамагае зло”.
А Данута Бічэль так і сказала: “Выданне гэтай кніжкі – нейкае ўваскрасенне духовасці”.
Гарадзенская паэтка ўзгадала, як у студэнцтве Эдзік прыйшоў у музей Максіма Багдановіча і пакарыў Дануту Янаўну слоікам агуркоў:
– І мы пасябравалі, ён праводзіў тут экскурсіі і меў вялікі талент да гэтага.
Таксама Данута Янаўна звярнула ўвагу на заўсёдную праблему творчага чалавека, якая, на яе думку, закранала і Эдуарда Мазько:
– У нашай краіне адны ад генаў, ад дзядоў і прадзедаў навучыліся жыць. У любых умовах пры любой уладзе. Неяк яны выбіваюцца на нейкі ўзровень. А іншыя выжываюць. І калі выжываеш, калі на першае месца ставіш, як здабыць кусок хлеба і як дажыць ад заробку да заробку, то вельмі шмат губляецца творчасці і натхнення, патэнцыялаў, таго, што Бог даў. А так энергія, патрэбная для творчасці, траціцца на нейкую драбязу. Эдзік таксама адкладаў сваю творчасць, ён працаваў не на поўную сілу, і мы не ведаем, які талент быў у гэтага хлопца.
Гарадзенская паэтка і літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч згадвала сяброўства з Эдуардам:
– Мы гаварылі пра каханне. Ён мне казаў: “Ала Мікалаеўна, як я кахаю гэтую жанчыну! Вы ведаеце, яна мне сёння прызначыла спатканне. А вось гэта да густу можна будзе апрануць? Гэта ён казаў пра Галю.”
– Жыццё Едруся было як факел, як вогнішча, якое перамагло цемру. Многія змаглі сагрэцца ў гэтым цяпле, убачыць у яго святле правільны шлях. Спадзяюся, Дасць Бог, і ўбачыць свет наступная кніжка. І мы зноў сустрэнемся, – сказала на развітанне Галіна Мазько.
Выдатны артыкул, прысвечаны асобе Едруся Мазько, можна прачытаць на “Тваім Стылі” ў аўтарстве Анатоля Брусевіча, напісаны на 9 дзён з дня смерці паэта.