Унікальны сямейны тэатр дасць спектакль у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі
3 лістапада ў 17.00 “Свіцязь” убачаць наведнікі Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі.
Білеты будуць прадавацца ў касе музея. Каб убачыць спектакль, гледачам давядзецца набыць уваходны білет у музей (8000 рублёў), які дазволіць агледзіць экспазіцыю, і білет на сам спектакль (таксама 8000 рублёў). Таму варта прыйсці за гадзіну-дзве да пачатку.
“Свіцязь – гісторыя затопленага горада” – спектакль дзвюхмоўны. Кіраўнічка хатняга тэатра – акторка з 25-гадовым стажам Марына Аляксандраўна Лазарава – робіць яго, перамяжаючы беларускую і польскую мовы, каб падкрэсліць, што Адам Міцкевіч – рамантык адначасова беларускай і польскай культуры.
Марына Лазарава:
– Гэты спектакль я стварыла па замове вядомага навукоўца, бацькі майго мужа Зянона Міхайлавіча Наркуна. “Свіцязь” – адзін з улюбёных яго твораў, ён паміраў ад рака, і ў апошнія дні на польскай мове чытаў мне гэтую баладу. Тады я паабяцала Зянону Міхайлавічу зрабіць гэты спектакль.
Марына Лазарава нарадзілася ў Расіі, скончыла Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі (сёння – Акадэмія тэатральнага мастацтва), шмат год працавала ў Гродзенскім тэатры лялек, дзе сыграла больш за 60 роляў.
Паралельна з акторскай службай у тэатры Марына Лазарава стварала ўласныя спектаклі. Калі іх назбіралася дзевяць, яна сышла з тэатра дзяржаўнага і зарэгістравала свой уласны.
Марына Лазарава:
-Я пачынала з акторскай ініцыятывы. Разам з маім сябрам акторам Іванам Дабруком стварыла спектакль “Купалінка”. Пасля таго, як мы з вялікім поспехам выступілі, пачалі атрымліваць запрашэнні, на майго актора адразу звярнулі ўвагу ў тэатры, ён стаў вельмі запатрабаваным і больш не змог мне дапамагаць. Тое ж самае здарылася з актрысай, якая стала са мной працаваць пазьней. Мне не было з кім працаваць і мяне падтрымала толькі мая сям’я. Таму і ўзнік сямейны тэатр.
align=”” alt=”Image 25321″ >
Фрагмент аднаго са спектакляў хатняга тэатра
Абсалютна ўсё я раблю ўласнымі рукамі: і рэжысёр, і майстар, і акторка – адсюль і назва тэатра “Марья Искусница”. На сцэне мне дапамагаюць мае тры дачкі, а муж займаецца тэхнічным забеспячэннем спектакля.
Беларуская прэм’ера спектакля “Свіцязь – гісторыя затопленага горада” адбылася сёлета летам менавіта ў Музеі гісторыі рэлігіі.
Марына Лазарава спадзяецца, што музей стане сталай пляцоўкай для выступаў яе хатняга тэатра, і той, хто не здолее трапіць на спектакль 3 лістапада, зможа ўбачыць яго пазней.
Здымкі з сайтаў propuppet.wordpress.com, grodnolyalka.na.by