У цэнтры горада вырубяць дрэвы. Па загадзе пракуратуры
Ужо некаторы час гараджане могуць бачыць дзіўныя чырвоныя крыжыкі, якімі пазначаны некаторыя дрэвы ў цэнтры горада, а таксама ў раёне вуліц Горкага і Даватара.
Што гэтыя крыжыкі азначаюць – здагадацца не цяжка. Дрэвы будуць спілаваныя. Пра іх агульную колькасць казаць цяжка. Але просты абыход цэнтра горада паказаў, што ледзь не палова дрэваў, што зараз тут растуць, будзе знішчана!
Справу “Твайму стылю” патлумачыў Андрэй Лубін, начальнік Гродзенскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
“Было прадпісанне пракуратуры, каб “Зелянбуд” праверыў дрэвы ў цэнтры горада на прадмет іх сухасці і аварыйнага стану. Пазначаныя дрэвы сухія. Яны падлягаюць высячэнню. На іх месца, вядома, будуць пасаджаны новыя”.
Аднак, як кажуць занепакоеныя жыхары дамоў па вуліцы Леніна, на іх вуліцы крыжыкамі пазначаны здаровыя дрэвы, а вось сапраўды сухія і небяспечныя – не.
Зусім дзіўную карціну можна назіраць у парку Жылібера, дзе пазначаны карлікавыя дрэўцы каля сцэны. Яны ну ніяк не сухія і тым больш не аварыйныя. Якім чынам пазначаліся дрэвы – пытанне застаецца адкрытым.
Пытаннем застаецца і тое, чаму гарадзенскімі дрэвамі зацікавілася менавіта пракуратура. Тым больш, як кажуць экалагічныя актывісты, афіцыйнага пастанаўлення ніхто з іх не бачыў. І дадаюць, што такая вялікая колькасць сухіх дрэваў можа часцяком з’яўляцца тады, калі праводзяцца рамонты і ўпарадкаванне вуліц. Рабочыя пашкоджваюць карані, а праз год-паўтары дрэвы пачынаюць жухнуць. Гэта мы і назіраем у цэнтры горада, які з кожным годам пазбаўляецца свайго зялёнага аздаблення.
Здымкі аўтаркі