Выбух на беларуска-польскай мяжы: на месцы знойдзеныя абгарэлыя даляры

|

Інфармацыя пра парушэнне мяжы групай асоб трапіла ў дзяжурную службу КДБ каля 3 гадзін ночы.

Як паведамілі памежнікі, у раёне нелегальнага пераходу з Беларусі ў Польшчу – сляды выбуху і прыкметы ранення кагосьці з парушальнікаў, а таксама фрагменты вопраткі і абгарэлая валюта.

Начальнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Іван Корж пракаментаваў здарэнне каналу АНТ, паведаміўшы, што выбух здарыўся літаральна за 50 м ад памежнага знака 1741. У некалькіх дзесятках метраў ад польскай тэрыторыі – 2 варонкі (дыяметр адной каля метра, другая крыху меньшая) і абгарэлыя дрэвы. У радыюсе 10 метраў раскіданыя фрагменты вопраткі, на зямлі – абгарэлыя даляры.

 

Па інфармацыі беларускіх памежнікаў на польскім баку затрымалі 7 грамадзян краін афра-азіяцкага рэгіёну. Праз мяжу яны перацягвалі адзін аднаго на посцілцы. Вырашаецца пытанне пра перадачу парушальнікаў беларускаму боку.

На месцы працуюць эксперты-крыміналісты. Пакуль невядома, ці быў выбух спланаваны, ці адбыўся выпадкова.

Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці і іншымі праваахоўнымі структурамі ўведзены план па рэагаванню на тэрарыстычныя і экстрэмісцкія пагрозы.

 

 

Паводле http://ont.by