Андрэй Вашкевіч: Гарадзенская прамысловая традыцыя мае вялікі брэндавы патэнцыял

|

Андрэй, чытаючы змест тваёй кнігі разумееш, што гэта вандроўка па гарадзенскіх фабрыках і заводах, якіх ужо фактычна няма. Ці засталося ў нас яшчэ штосьці цікавае са старых прамысловых будынкаў?

 

Найперш трэба сказаць, што спецыяльна збудаваных прамысловых будынкаў у Гродне было не так ужо і шмат. У тым жа польскім Беластоку ці Лодзі, напрыклад, іх нашмат больш. Гродна, як і ўся Беларусь, у царскія і міжваенныя часы быў у гэтым сэнсе занядбаным.

 

Фактычна ніводзін з беларускіх гарадоў у канцы ХІХ – пач. ХХ стст не быў магутным прамысловым цэнтрам. Гэта было звязаны найперш з тым, што галоўныя прамысловыя цэнтры знаходзіліся ў раёнах Масквы-Пецярбурга і Варшавы-Лодзі, а Гродна, як і ўся астатняя Беларусь, быў проста сыравіннай базай гэтых тэрыторый.

 

Але ўсё ж у Беларусі цікавыя прамысловыя прадпрыемствы ўзводзіліся. Напрыклад, завод “Аліварыя” ў Мінску, дзе захаваны стары будынак, створаны прыгожы Музей піва. Гродна выглядаў не найгоршым чынам у Беларусі ў гэтым сэнсе, але ў параўнанні з вялікімі прамысловымі гарадамі прадпрыемстваў тут было мізэрна мала, а засталося яшчэ менш.

 

Прыгожыя эклектычныя будынкі такіх прамысловых аб’ектаў, як забудова Станіславоўскай цагельні, тартак “Лес” (на першым здымку – рэд.), на жаль, былі разбураныя яшчэ ў савецкі час. Фактычна да апошняга часу з прамысловых будынкаў пад аховай знаходзіўся толькі будынак піўзавода ў Гродне.

1. Апошні адэльскі млын-вятрак, разваліўся ў пачатку ХХІ стагоддзя. 2. “Фірмовы” знак гродзенскага велазавода ў 1950-х гг. 3. Піўная бутэлька з сімволікай бровара Марголіса, 1920-я гг.

 

Яшчэ з найбольш цікавых будынкаў на сёння засталася забудова Станіславоўскай кафлярні – яна знаходзіцца на скрыжаванні сённяшніх вуліц Пралетарскай і Чырвонаармейскай. Дзякуючы высілкам “Таварыства аховы помнікаў” са згоды Мінкульта гэты аб’ект літаральна на мінулым тыдні быў уключаны ў спіс помнікаў.

 

Была напісана даведка, у тым ліку і на аснове матэрыялаў, якія рабіў я, і па гэтай даведцы забудова кафлярні прызнана помнікам архітэктуры 3-й катэгорыі. Я лічу гэта ўдалай працай.

 

На сёння ў Гродне два прамысловыя будынкі, якія знаходзяцца пад аховай. Будзем спадзявацца, што калі будуць прыцягвацца нейкія інвестыцыі, то Станіславоўская кафлярня адродзіцца і як гістарычная частка, і як будынак з нейкімі новымі функцыямі.

 

Засталіся яшчэ рэшткі цагельні Аркіна па вуліцы Лермантава, але яны не пад аховай. Цікавыя старыя будынкі Гродзенскага гарбарнага завода, Гродзенскага лікёра-водачнага завода, які будаваўся як бровар у канцы XIX ст, таксама цікавая былая гродзенская бойня, ці рэзня на вуліцы Камунальнай, там зараз склады.

 

Чаму ты абраў такі аб’ект для даследавання? Чым цябе зацікавіла прамысловая забудова Гродна?

 

Мая кніжка – гэта не столькі даследаванне архітэктуры, хаця ўсё пачыналася з яе. У 2005 годзе Алесь Матафонаў і Алесь Белы прыехалі ў Гродна, дзе яны здымалі праграму для перадачы “Маем рэчы” пра Гродзенскую фабрыку матацыклаў. А яе акурат тады знеслі, застаўся толькі фундамент. Аказалася, што гэтая тэматыка выклікае жывы інтарэс – у гарадзенцаў, у турыстаў.

Фабрыка кавы і мармелада па вуліцы Паўночнай (цяпер Валковіча)

 

Зноў жа, гарадская прамысловасць – гэта частка нашых традыцый. Бо я пісаў не толькі пра будынкі, але і пра самыя прадпрыемствы. Хто ведае, напрыклад, што ў Гродне было прадпрыемства па вырабе цукерак і мармеладу, а таксама штучнай кавы? Унікальнае прадпрыемства існавала з 1916 па 1958 год. Калі б прынялі рашэнне яе пакінуць, то ў Гродне, можа, была б свая “Камунарка” ці “Спартак”. А ў 1958 годзе ўсё абсталяванне з гарадзенскай фабрыкі перадалі на “Камунарку” і “Спартак”, “Чырвоны харчавік”. Сёння, каб зрабіць канфіцюр, напрыклад, з яблык, ці мармелад, трэба ехаць аж у Гарадзею Нясвіжскага раёна, бо на Гарадзеншчыне такога свайго прадпрыемства няма.

 

Чым карысна даследаваць гісторыю прамысловасці? Што сёння з гэтымі ведамі рабіць?

 

Тыя будынкі, якія засталіся, маюць вельмі вялікі патэнцыял у плане іх рэнавацыі, гэта значыць, адбудовы, ператварэння ў офісы, галерэі, музеі. Як прыклад, Гродзенскі піўзавод, будынак якога выкуплены. Спадзяюся, з цягам часу ўсё-ткі пачнецца працэс яго рэнавацыі.

Ужо зачынены гродзенскі піўзавод у 2007 годзе

 

Па-другое, гэта частка традыцый, якая можа быць вельмі карыснай ў плане стварэння брэндаў. Напрыклад, што сёння з’яўляецца гарадзенскім брэндам? Тытунёвая фабрыка, яшчэ, можа, “Азот”. А тады было шмат брэндаў, па якіх дакладна ведалі, што гэта Гродна.

 

Напрыклад, фабрыка “Нёман” па вырабе пераплётных вырабаў. Гэта былі тавары, якія ведалі ў Англіі, Францыі. Таварны знак гэтай фабрыкі быў шырока вядомы ў Расійскай імперыі, міжваеннай Польшчы. Дарэчы, з гэтай фабрыкі пачалася сённяшняя абутковая фабрыка.

 

Далей – фабрыка матацыклаў Старавольскіх. Гэта быў абсалютны брэнд, гонар Гродна. Дарэчы, дзякуючы гэтай кніжцы літаральна некалькі дзён таму ўдалося знайсці ў Ізраілі ўнука Нахіма Старавольскага. Магчыма, ён напіша ўспаміны, і мы даведаемся пра лёс габрэйскіх фабрыкантаў Старавольскіх.

 

Або тая ж фабрыка ігральных карт. Яна з 1944 да 1949 год была адзінай ў савецкай Беларусі, дзе ўвогуле рабілі каляровы друк. То бок усе плакаты, этыкеткі і іншае друкаваліся толькі ў Гродне.

 

Каб спадчынай карыстацца, яе трэба вывучыць і ўзяць пад ахову. Калі гэтыя функцыі выканананы, працэс пойдзе. Бо справа з інвестыцыямі некалі зменіцца ў лепшы бок. Сёння лепш пачакаць з будынкам, чым зараз яго моцна перабудоўваць. Прыйдзе час і ўсё роўна будзе цікавасць да аўтэнтытыкі.

 

Па ўсёй Еўропе сёння прамысловыя будынкі аднаўляюцца. У Лондане быў такі раён докаў – вялізных складоў. Гэта быў адзін з самых крымінагенных раёнаў горада. У 70-х гадах улады не ведалі, што з ім рабіць: можа знесці і пабудаваць штосьці новае? Пасля паўстала ідэя докі перабудаваць. Сння гэтыя чырвоныя будынкі – адзін з самых дарагіх офісных раёнаў у Лондане.

 

Гэтаксама ў Ньюкасле старыя чыгуначныя майстэрні ператварыліся ў гандлёвыя галерэі. Ці, напрыклад, у Лодзі на тэрыторыі старой мануфактуры пабудавалі цэлы гандлёва-забаўляльны комплекс “Мануфактура”.

 

А ёсць у Гродне нейкія паспяховыя прыклады?

 

Прадпрыемствам, якое сёння справядліва лічыць сябе пераемнікам, з’яўляецца тытунёвая фабрыка. Там стараюцца традыцыю захоўваць. Яны ўклалі сродкі і стварылі музей, знялі выдатны фільм, выдалі кнігу, падрыхтавалі сувенірную прадукцыю. Яны сябе рэкламуюць не проста як прадпрыемства, якое прадукуе якасную прадукцыю, але і як прадпрыемства, якое мае глыбокія гістарычныя карані.

 

Чаму ў нас мала такіх яркіх прыкладаў? Праблема з укладаннямі?

 

Я тут бачу некалькі праблем. Па-першае, няма канчатковага ўсведамлення каштоўнасці гэтых аб’ектаў. Мы толькі нядаўна прыйшлі да гіпермаркетаў і сёння нам падаецца, што гандлёвы цэнтр ў выглядзе каробкі 140 на 120 метраў – пік еўрапейскага падыходу да справаў спажывання.

 

Але так было ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Гэта для ўскраін, а не для цэнтра. У цэнтры стараюцца захаваць тое, што ёсць. Гэта даражэй, але і больш прэстыжна, салідна. І ў нас пачынаюцца спробы, хоць і пазнавата, паставіць такія будынкі на ўлік пад ахову.

 

Па-другое, канешне, гэта інвестыцыі. У гістарычны будынак трэба ўкласці нашмат болей, чым пабудаваць новы.

 

Андрэй, вяртаючыся да тваёй кнігі. Чаму такая назва – “На Гродзенскім бруку”?

 

Брук – гэта заўсёды сімвал горада. Захавалася ва ўспамінах, што калі гарадзенскія сялянкі ішлі ў горад па нейкіх справах, па пясчанай дарозе, то трымалі чаравікі ў руках. А калі заходзілі ў горад, то гэтыя чаравікі абувалі. На скрыжаванні цяперашніх вуліц Каліноўскага, Астроўскага і Горкага – там быў пачатак горада – пачынаўся брук. Людзі там спыняліся, абувалі чаравікі і ішлі далей. Брук – гэта ўжо быў сімвал горада, іншага сацыяльнага статуса, заняткаў і ўсяго астатняга. У горадзе яго яшчэ крыху засталося.

 

Гарадзенскі брук – гэта ўвогуле ўнікальная рэч, тэхналогію стварэння якой трэба вывучаць і адраджаць. На вуліцы Ажэшкі брук ляжыць з 1938 года, ляжыць у добрым стане. Там складаная цікавая тэхналогія спалучэння бетона і колатага натуральнага камня.

 

Найперш я хацеў цікава распавесці пра прамысловасць старога Гродна – што рабілася, як гэта рабілася. У савецкія часы былі выданні прысвечаныя прамысловасці, але інфармацыя там падавалася суха і нецікава. Тут можна прачытаць, напрыклад, як рабілі цэглу. Тэхналогія працэсу прыгатавання адной партыі цэглы займала адзін месяц. Чалавек уручную рабіў кожную цэглу.

 

Я хацеў зрабіць кнігу-даведнік і для гарадзенцаў, і для гасцей: каб чалавек мог узяць карту, змешчаную ў кнізе, і прайсці па гэтых прадпрыемствах. Гэта нешта сярэдняе паміж даведнікам і даследаваннем. Па-сутнасці, у Гародні так яно і ёсць: даследаванне і пуцяводнік у нас аб’ядноўваюцца, бо тут столькі неразгаданых сфераў…

 

Напрыклад?

 

Я лепш пералічу, што асабіста мне хацелася б даследаваць. Па-першае, няма добрага пуцяводніка па Гарадзенскім раёне. Па якім чалавек мог бы аб’ехаць ваколіцы Гродна ў радыюсе каля 100 км, і не толькі адпачыць з шашлыкамі, але і культурна ўзбагаціцца. Каб любы ўзяў гэтую кнігу і прачытаў, што ў гэтых месцах знаходзілася – якія могілкі, помнікі, сядзібы, маёнткі. А гэтага ў нашых ваколіцах безліч. І патрэбныя маршруты – і роварныя, і аўтамабільныя.

Дзяўчынка з “нёманскім” веласіпедам, 1940-я гг.

 

Ёсць у маіх планах і марах “Забытыя кварталы” – кніга па зніклых раёнах Гродна. Зараз з’явілася мноства графічных матэрыялаў, звязаных з даваенным Гродна, дзякуючы найперш калекцыянерам, такім, як Фелікс Варашыльскі. Мы фактычна можам арганізаваць спачатку даследаванні, а пасля віртуальныя вандроўкі па тых мясцінах горада, якія сёння ўжо сцёртыя. Напрыклад, у нейкі дзень 1930 года вы прыязджаеце ў Гродна. У вас ёсць дзень, каб агледзець горад. Віртуальны праект пакажа такую вандроўку па горадзе.

 

То бок, на сёння па аб’ёме матэрыялаў мы можам сабе дазволіць і такое даследаванне, і такую віртуальную вандроўку па Гродне пачатку ХХ ст. Для горада гэта было б вельмі прэстыжна – мець такі віртуальны праект.

 

Дзесьці з 2006-2008 гг. ідзе лавінападобны працэс накаплення інфармацыі пра Гродна. Гэта кнігі Юры Гардзеева, Юзафа Баровіка, даследаванні Юрыя Саяпіна, артыкулы Наталлі Сліж, Андрэя Чарнякевіча, Ігара Лапехі. Трэба думаць, як гэтыя веды сістэматызоўваць і выкарыстоўваць.

 

Здымкі з архіва Андрэя Вашкевіча