Слонімскія інтэлігенты напісалі адкрыты ліст старшыні райвыканкама
Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Слоніма просяць галаву мясцовай улады “ўсяляк спрыяць выхаванню ў дзяцей, моладзі і ўсіх грамадзян Слонімшчыны цікавасці, любові да роднай мовы, да імкнення свабодна валодаць ёю, карыстацца ёю заўсёды і паўсюдна”.
Далей аўтары ліста нагадваюць, што беларуская мова — мова дзяржаўная і павінна шанавацца дзяржавай. У лісце гаворыцца таксама пра прыгажосць і непаўторнасць матчынага слова, без якога няма будучыні ў нацыі.
“Паспрыяйце таму, каб у нашым горадзе і раёне адкрыліся новыя беларускамоўныя садкі, школы, класы, як ужо адкрываюцца яны ў некаторых рэгіёнах суверэннай Беларусі (ведаем, ёсць яны і на Слонімшчыне), дапамажыце нашым дзеткам пачаць шлях да крынічнага, чароўнага слова зямлі, на якой жывём”, — заклікаюць кіраўніка раёна напрыканцы ліста яго аўтары.
Аўтары ліста чакаюць адказу ад старшыні райвыканкама, каб даведацца планы ўладаў па пашырэнні ўжывання беларускай мовы на Слонімшчыне.