Маленькае падарожжа па Сапоцкіншчыне
Наша падарожжа было нядоўгім – усяго амаль чатыры гадзіны. Выехалі з Гродна а 12-й. У першую чаргу нас цікавіла памежная зона. Для яе наведвання трэба заўсёды мець пропуск і такая паперка была ў кожнага з нас.
Пасля знаку “памежная зона” ў правы бок дарогі ў вёсцы Лабна знаходзіцца трэці форт – адзін з самых вялікіх фартоў гараденскай крэпасці. Хто едзе ў гэтым напрамку – абавязкова раю наведаць і прайсціся пад сводамі гэтага каменнага волата.
Аднак нас больш цікавіла вёска Багатыры, што ляжала на нашым маршруце. Гісторыя яе назвы даволі цікавая.
Пра яе паходжанне распавядае гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:
“Ёсць такія вёскі, як Багатыры і Баяры. Гэта была катэгорыя свабодных людзей. У ВКЛ саслоўная сістэма вельмі моцна адрознівалася ад расейскай, у нас яна была даволі гнуткая. Баяры і багатыры – свабодныя людзі, якія не мелі права валодаць зямлёй. Гэтым яны адрозніваліся ад шляхты. Яны хадзілі на вайну са шляхцічамі, якія давалі ім зямлю. За подзвігі маглі атрымаць зямлю і шляхецкія прывілеі”.
Багатыры, Камісарава, Ліхасельцы і вось маленькі прыпынак у вёсцы Галынка, дзе каля старадаўняга касцёла, пабудаванага некалі як царква, мы зрабілі перапынак. Кажуць, што гэтую Міхайлаўскую царкву толькі ў 1919 годзе зрабілі касцёлам, функцыю якога ён і выконвае да сённяшняга часу. Уражвае старое дрэва, агароджанае як помнік прыроды. Расце яно акурат ля касцёла і, хто ведае, ці не пасаджана яшчэ ў той час, калі гэтага касцёла і не было.
Чым яшчэ здзіўляе Сапоцкіншчына? Тым, што помнікаў савецкай прысутнасці тут вельмі шмат. На адным з іх – стылізаванай заставе Кірычэнкі – мы пабывалі, праехаўшы вёску Доргунь.
Зусім нечаканым было пабачыць у гэты час на палетках мноства капусты і непрыбранай кукурузы.
Для тых, хто збіраецца ў падобнае міні-падарожжа, раю пакінуць свае гарадскія думкі ў горадзе і проста праехацца ў бок мяжы: паразглядваць краявіды і забыцца на свае праблемы.
Здымкі аўтара