Дык адкуль расце крыж?

|

Тэкст Галіны Раманчук пад назвай “Крест растет из земли” з’явіўся ў афіцыйнай абласной газеце ў канцы кастрычніка. Фабула наступная: каля вёскі Шылавічы на Слонімшчыне з зямлі расце каменны крыж. Ды акурат на тым месцы, дзе ў 1939 годзе адбылася трагедыя: забойства праваслаўнага святара Андрэя Куца разам з жонкай. Бацюшка пры жыцці (да прыходу бальшавікоў у 1939-м) займаўся разбудовай праваслаўя ды супрацьстаяў езуітам ды ўніятам, якія “вербавалі” насельніцтва.

 

Зрэшты ёсць некалькі заўваг па змесце:

 

1) Хто забіў? “И пока новая советская власть только устанавливалась, безвластием воспользовались местные активисты-комитетчики”. Па-першае: што гэта за актывісты? Пра які камітэт ідзе размова? Можа пра КДБ?.. Напрыклад, на сайце pravoslavnye.org у аналагічным артыкуле гаворыцца пра КПЗБоўцаў, якія і ўчынілі гвалт над святарскай сям’ёй. Тут – ніякай канкрэтыкі.

 

Складаецца ўражанне, што камуністы тут наогул не пры чым: “пока советская власть только устанавливалась… безвластием воспользовались”. Вяршыня паліткарэктнасці. Між іншым, “Гродзенская праўда”, у якой друкуецца артыкул, была заснаваная акурат у 1939-м, акурат тымі камуністамі, якія санкцыянавалі гвалт над святарствам усіх канфесіяў у Заходняй Беларусі. Пакрыўдзіць не хочацца – таму трэба круціцца.

 

Далей шмат падрабязнасцяў забойства сям’і, але аб асобах – ані слова. Ці шукалі іх савецкія органы, калі ўжо “установились”? Ці знайшлі?.. Маўчанне.

2) Тэкст – антыкаталіцкі. Парадаксальна, але падаецца, што галоўныя адмоўныя героі артыкула не забойцы, пра якіх кажацца адным сказам, а езуіты ды ўніяты, якія сапраўды мелі сваю місію ў Альберціне пад Слонімам. Вось некалькі цытатаў:

 

“Время было непростое. С одной стороны – уния, с другой – агрессивная пропаганда коммунизма”. Ад пачатку тэкста іншая хрысціянская канфесія параўноўваецца з бязбожнікамі-камуністамі.

 

“Выдавая себя за православных монахов, иезуиты вербовали прихожан, не гнушаясь никакими средствами…” Якімі? З тэксту не зразумела.

 

“Постепенно деятельность униатской миссии угасала и, не найдя поддержки в народе, к концу 1930 годов прекратилась”. Адкрытая хлусня – ў Альберціне жыў і актыўна працаваў экзарх беларускіх грэка-католікаў а. Антон Немацэвіч (то бок кіраўнік Царквы ва ўсёй Беларусі), ажно да сваёй пакутніцкай смерці праз рукі гестапаўцаў 6 студзеня 1943 г.

 

Дарэчы, па прыходзе бальшавікоў у альберцінскай місіі быў канфіскаваны толькі кляштар 1920-х гадоў пабудовы. У 1990-я ж Беларуская Праваслаўная Царква, ні ў кога не пытаючыся, забрала не толькі кляштар, але і будынак царквы, пабудаванай і асвячанай у канцы 1930-х гадоў, калі, згодна з аўтаркай артыкулу, “миссия угасала”.

 

3) Адкуль расце крыж? “Такое впечатление, что крест растет откуда-то из глубины…” – так загадкава пачынаецца артыкул Галіны Раманчук. Скуль гэты крыж? Канчатковы адказ могуць даць толькі археолагі, у тым ліку расчытаўшы надпіс. Аднак каменныя могільнікі з падобнымі крыжамі можна сустрэць паўсюдна на абшарах Панямоння.

 

Наўрадці яго ўзрост сягае часоў хрысціянізацыі краю – падобныя крыжы былі масавай з’явай у XVII-XVIII стагоддзях, акурат калі Слонімшчына была… ўніяцкай.

 

Падагульнім. Ці мае права БПЦ распаўсюджваць падобныя артыкулы з прапагандысцкім ухілам праз дзяржаўныя выданні? Ці царква ў нас не аддзеленая ад дзяржавы? У іншым выпадку, чаму падобныя рэчы пішуцца нібыта ад імя БПЦ?

 

Прозвішча аўтаркі артыкула, Галіны Раманчук, дарэчы, дзіўным чынам супадае з прозвішчам праваслаўнага святара Аляксандра Раманчука, аўтара кнігі “ИОСИФ (Семашко), митрополит Литовский и Виленский: жизнь и служение”. Як вядома, Сямашка акурат і займаўся ліквідацыяй уніі па замове расійскіх імперскіх чыноўнікаў у ХІХ ст.

 

Але гэта хіба супадзенне…

 

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

Казус Чарнякевіча

Дзякуй за вашу расейскую мову!

Бег, або як перспектыўны дзяржаўніцкі праект ператварыўся ў павальнае бегства


Здымак крыжа: “Газета Слонімская”