3738 абітурыентаў паспрабавалі сябе ў рэпетыцыйным тэсціраванні ў Гродне і раёнах

|

Абітурыенты 2013 года выканалі 7845 тэстаў па 14 прадметах і за кожны заплацілі па 35 900 рублёў.

Умовы і тэхналогія правядзення цалкам адпавядалі працэдуры ЦТ.

 

Аформіўшы адпаведную замову і заплаціўшы яшчэ па 14 тысяч рублёў, удзельнікі рэпетыцыйнага тэставання могуць атрымаць так званую “індывідуальную кансультацыю” для работы над памылкамі.

 

Кансультацыя ўяўляе сабой дасланы па электроннай альбо звычайнай пошце спіс тэм школьнай праграмы і ўказанне адпаведных параграфаў падручнікаў па кожным невыкананым альбо выкананым з памылкамі заданні. Тлумачэнні і правільныя адказы пры гэтым не даюцца.

 

14 студзеня распачынаецца рэгістрацыя на 2 этап рэпетыцыйнага тэсціравання ў Гродне.

Вясной пройдзе трэці, апошні.

 

Такім чынам, рэпетыцыі ЦТ сталі добрай крыніцай прыбытку для рэгіянальных цэнтраў тэсціравання.

Затое, паводле звестак на сайце ГрДзУ, абітурыенты, якія прайшлі ўсе тры этапы рэпетыцыйнага тэсціравання, здаюць ЦТ у сярэднім на 15-20% лепш за астатніх.

Рэпетытары таксама раяць сваім кліентам удзельнічаць ва ўсіх этапах.

 

Аляксандра, вучаніца выпускнога класа гарадзенскай школы:

 

Я ўдзельнічала ў 1 этапе рэпетыцыйнага тэсціравання па 2 прадметах, буду ўдзельнічаць і ў наступных. Як кажуць рэпетытары, трэба набіць руку, каб прызвычаіцца да гэтай сістэмы, не блытацца, не хвалявацца. А ў школе нам гавораць, што дастаткова паспрабаваць прайсці тэсціраванне 1 раз, а на ўсе хадзіць не трэба.


Некаторыя ўвогуле кажуць, што варта ісці толькі на трэцяе рэпетыцыйнае тэсціраванне вясной, таму што ёсць тэмы, якія мы яшчэ не праходзілі, напрыклад, па алгебры. Таму ў гэтым тэсціраванні іх яшчэ не было, яно было прасцейшае, а трэці этап будзе больш набліжаны да сапраўднага ЦТ.

Так што буду выкарыстоўваць усе тры магчымасці.

Здымак http://www.grsu.by