Незарэгістраваны Саюз палякаў будзе дамагацца рэгістрацыі

Пра гэта сказаў прадстаўнікам СМІ Мечыслаў Яскевіч пасля абрання старшынёй на нядзельным VIII з’ездзе Саюза палякаў на Беларусі.


Яскевіч выйграў выбары пасля таго, як на пасаду старшыні было прапанавана 7 чалавек. Неўзабаве пяцера з іх знялі свае кандыдатуры і ў картах да галасавання засталіся два прозвішчы – былой кіраўнічкі арганізацыі Анжалікі Арэхва і Яскевіча.

 

У тайным галасаванні за Яскевіча прагаласавала 112 дэлегатаў з 217 прысутных, за Анжаліку Арэхва  было аддадзена на сем галасоў менш. З’езд абраў таксама Галоўную раду арганізацыі, якую ачоліла брэсцкая актывістка СПБ Аліна Міцкевіч. Да гэтага часу на чале Рады стаяў вядомы гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут. У сувязі з чаканым судовым працэсам па крымінальнай справе аб паклёпе на прэзідэнта Беларусі журналіст адмовіўся ад прапанаванага яму ізноў кіравання Галоўнай радай.

VIII з’езд Саюза палякаў падвёў вынікі працы за апошнія чатыры гады. Між іншымі былі абмеркаваныя праблемы, якія тычацца спробаў русіфікацыі польскай школы , пераследу беларускімі ўладамі ўладальнікаў “карты паляка”, перашкод у дзейнасці арганізацыі з боку беларускіх дзяржаўных органаў, а таксама немагчымасці зарэгістраваць саюз.

Раскол Саюза палякаў у Беларусі адбыўся ў 2005 годзе, пасля VI з’езду арганізацыі, на якім старшынёй была абраная Анжаліка Борыс. Гэты выбар не спадабаўся беларускім уладам, якія адмянілі рашэнні VI з’езду і склікалі паўторны з’езд, які абраў падкантрольнага ўладам старшыню Юзафа Лучніка. Умяшальніцтва ўлад у справы грамадскай арганізацыі выклікала пратэсты з боку прыхільнікаў дэмакратычна абранай старшыні СПБ Анжалікі Борыс і Польшчы, якая з таго часу прызнае толькі і выключна дэлегалізаванае беларускімі ўладамі кіраўніцтва арганізацыі.

 

Такая сітуацыя цягнецца ўжо сем год, а ў краіне існуюць два саюзы палякаў. Анжаліка Борыс, з выбарам якой не змаглі пагадзіцца ўлады, у 2010 годзе па асабістых прычынах сышла з пасады. Пасля гэтага Галоўная рада аб’яднання вымушана была абраць выконваючага абавязкі старшыні. Тады на гэтую пасаду, гэтаксама як і ў мінулую нядзелю, прэтэндавалі Яскевіч і Арэхва. Старшынёй была абрана Арэхва, а Яскевіч да ўчорашняга дня быў яе намеснікам.

 

Здымкі аўтарак