Форум велаактывістаў у Гродне. Далучыцца яшчэ не позна
Напярэдадні адкрыцця ІІ Форума велаактывістаў, 23 лістапада, на базе Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пройдзе круглы стол па развіцці веласіпеднага руху ў Беларусі на прыкладзе Гродна і Мінска.
Юлія Каляда, адна з арганізатараў Форума:
–На сёння зарэгістраваліся каля 30 чалавек, у асноўным іншагароднія. Гарадзенцы, хутчэй за ўсё, прыйдуць без рэгістрацыі. Іншагародніх мы прасілі рэгістравацца, каб вырашыць пытанне з начлегам.
На першы Форум у 2011 годзе мы адрасна запрашалі прадстаўнікоў кожнай вобласці.
Гэтым разам усё выглядае больш прадстаўніча. Будуць прадстаўнікі ДГА “Адпачынак у вёсцы”, гарадзенскай ініцыятыўнай групы “Кола сяброў на роварах”, грамадскіх арганізацый “Мінскае веласіпеднае таварыства”, “Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз”, Джон Росмэн – амерыканец, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Беларусі, прадстаўляе Фонд “Экалагічны транспарт” і распавядзе пра ўздзеянне бясплатнай аўтамабільнай паркоўкі на веласіпедызацыю.
Распачнецца першы дзень Форума з экскурсіі па горадзе, а скончыцца праглядам дакументальнага фільма пра вопыт чэскіх велаактывістаў.
У праграме – прэзентацыі рэгіянальных велаактывістаў. Яны распавядуць пра свае праблемы і планы на наступны год. Актывісты ініцыятывы “ВелаГродна” прадставяць вынікі грамадскай кампаніі “Забяспеч сабе паркоўку!”.
Цягам усяго дня будзе працаваць “ВелаМайстэрня”, дзе Іван Найдзёнаў зробіць агляд вашага ровара, распавядзе як правільна падрыхтаваць яго да зімы, адкажа на пытанні.
25 лістапада ўдзельнікі Форума змогуць выказацца па тэмах, якія іх хвалююць і паўдзельнічаць у распрацоўцы новых ідэй у фармаце Open Space.
Форум велаактывістаў будзе працаваць па адрасе: вул.Будзёнага 48а.
24 лістапада – у офісе №62, 25 лістапада – у офісе №63.
Здымак Юліі Каляды