Каля гродзенскіх школ будуць дзяжурыць “стоп-мэны”
Упершыню людзі са знакамі “Стоп” у руках з’явіліся ў цэнтры Гродна ўвечары 22 лістапада.
Сябры добраахвотнай дружыны “Белтэлекаму” дзяжурылі каля пешаходных пераходаў у раёне СШ №8, нагадвалі кіроўцам пра неабходнасць спыняцца і дапамагалі вучням бяспечна пераходзіць дарогу.
Начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Гродна і Гродзенскай вобласці Яўген Дудко:
–Мы клапоцімся пра дзяцей, хочам забяспечыць іх бяспеку падчас пікавага руху раніцай і пасля заняткаў. Фізічна немагчыма ўсюды расставіць інспектараў.
Ёсць традыцыя выстаўляць на дарозе “Стоп-мэнаў” (звычайна гэта вучні старэйшых класаў), але мы не вельмі хочам выкарыстоўваць у гэтай ролі дзяцей. Таму падключаем дружыннікаў, будзем падключаць моладзевыя арганізацыі, набіраць добраахвотнікаў з ліку бацькоў, якія жывуць непадалёк ад школы. З усімі імі супрацоўнікі ДАІ правядуць інструктаж.
Тут можа прыдацца вопыт заходніх краін, напрыклад, Польшчы.
“Стоп-мэны” ў бліжэйшыя дні будуць з’яўляцца і побач з іншымі гарадзенскімі школамі.
Прааналізаваўшы вынікі іх працы, ДАІ прыме рашэнне пра мэтазгоднасць прыцягнення грамадскасці дзеля забеспячэння бяспекі школьнікаў па дарозе ў школу.