“Гарадзенская бібліятэка” возьме ўдзел у XXI Кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве

|

Прэстыжны Кірмаш адбудзецца з 29 лістапада да 2 снежня ў Каралеўскім замку.


“Гарадзенская бібліятэка” разам з недзяржаўнымі беларускімі выдавецтвамі прадставіць свае выданні ў межах Салона беларускай кнігі, які будзе працаваць на Кірмашы ўпершыню.

 

Павал Мажэйка, каардынатар кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка”:

 

Калі арганізатары шукалі беларускіх удзельнікаў, выйшлі таксама і на нас. Мы палічылі за гонар прыняць запрашэнне.

За апошнія гады пад лагатыпам “Гарадзенская Бібліятэка” выйшаў цэлы шэраг удалых і вартых кніг, завязаліся і рэалізоўваюцца некалькі цікавых творчых праектаў.

Грэх трымаць гэта ў сабе і не дзяліцца з навакольным светам.

 

У нас ёсць невялічкі досвед удзелу ў кніжных кірмашах, некалькі год таму кнігі “Гарадзенскай Бібліятэкі” выстаўляліся на кірмашы ў Мінску. Але тады мы проста скарысталіся плошчамі нашых сяброў-кнігавыдаўцоў, гэта хутчэй была спроба панюхаць, чым жывуць падобныя кніжныя кірмашы.

 

Так што цяпер будзе першая самастойная і, да таго ж, міжнародная прэзентацыя кніжнай серыі “Гарадзенская Бібліятэка”. Для нас і нашай дзейнасці гэтая своесаблівая адзнака, бо мы ўсяго толькі сціплыя аматары і прамоўтэры гісторыі Гародні.  

 

Адмыслова да гэтай падзеі “Гарадзенская бібліятэка” падрыхтавала каталог выданняў, які на Кірмашы зможа атрымаць кожны ахвотны як своеасаблівую справаздачу за гады існавання кніжнай серыі.

Сярод выданняў, што з 2006 да 2012 года ўбачылі свет у яе межах, на Кірмашы будуць прадстаўленыя гістарычныя манаграфіі, мемуары, эпісталярная спадчына, літаратурныя выданні і, канешне, знакамітае “Гродназнаўства”.

 

Кірмаш гістарычнай кнігі – некамерцыйнае рэкламна-інфармацыйнае штогадовае мерапрыемства.

Яго суправаджаюць шматлікія імпрэзы, творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, кінапрагляды (уваход усюды вольны).

Ягоная мэта – папулярызацыя гістарычнай літаратуры.

 

Сярод аматараў гісторыі кірмаш карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі як значная падзея культурнага жыцця, але і як месца сустрэч з выдаўцамі, абмену досведам, нагода набыць неабходную літаратуру.