«Прэс-фота Беларусі – 2012» ладзіць вернісаж у Гродне (абноўлена)
Адкрываць выставу будуць арганізатары конкурса, фатографы Юля Дарашкевіч і Вадзім Заміроўскі, а таксама пераможца «Прэс-фота Беларусі – 2012» Аляксандр Васюковіч.
Юля Дарашкевіч:
– У Беларусі гэтая выстава экспанавалася толькі адзін раз: на ўзнагароджанні пераможцаў у галерэі “Ў” і пакуль больш няма магчымасцяў паказваць яе тут, бо ёсць на ёй палітычнаыя фатаздымкі, звязаныя з акцыямі пратэсту, ёсць тэракт.
Нас і ў мінулыя гады нікуды не пускалі, а тыя выставы, што былі, праходзілі без самых вострых фотаздымкаў.
Затое “Прэс-фота Беларусі – 2012” з поспехам экспанавалася ў Брно (Чэхія), Кракаве і Варшаве.
Гарадзенцам пашанцавала не толькі ўбачыць усе здымкі-пераможцы фотаконкурса, але і стаць першымі гледачамі дасланых на конкурс «Прэс-фота Беларусі — мультымедыя» ролікаў. Гэта міні-фільмы, знятыя пры дапамозе фотаздымкаў, відэа і гуку.
Юля Дарашкевіч:
– Для Беларусі гэта вельмі новая з’ява, практычна ніхто пакуль гэтым не займаецца.
8 снежня будзе падвядзенне вынікаў конкурса і ўзнагароджанне пераможцаў, а пакуль – пакажам некалькі ролікаў-намінантаў на свой густ.
Выставу “Прэс-фота Беларусі – 2012” у Гродне можна будзе наведаць да 10-га снежня.
Конкурс «Прэс-фота Беларусі» праводзіцца трэці год. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца айчынныя фатографы, якія супрацоўнічаюць са СМІ.
У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў заяўкі ад 90 удзельнікаў, якія даслалі больш за 2500 здымкаў для ўдзелу ў конкурсе.
Журы конкурсу, у якое ўваходзяць вядомыя айчынныя і замежныя фатографы і фотарэдактары, вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях: «Навіны», «Людзі ў навінах», «Спорт», «Паўсядзённае жыццё», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Народныя традыцыі». Ацэньваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі фатаграфій.
Больш інфармацыі пра конкурс можна знайсці на сайце http://pressphoto.by