Пакліканне – дапамагаць людзям
Стаць лекарам ён вырашыў яшчэ ў дзяцінстве: яго дзядуля, які прайшоў усю вайну, цяжка хварэў. Тагачасная медыцына не дапамагла, дзядуля памёр. Міхаіл Іванавіч, тады, зразумела, хлопчык Міша, падумаў, што калі б ён быў урачом, то абавязкова выратаваў бы роднага чалавека. І вырашыў звязаць сваё жыццё з медыцынай.
У 1958 годзе пасля заканчэння Гарадзенскага медыцынскага вучылішча ён пачаў працаваць загадчыкам фельчара-акушэрскага пункта ў Жалудокскім раёне. Транспарт, які знаходзіўся ў распараджэнні маладога фельчара, быў амаль што сярэднявечны – колы ды ровар. Сувязь з раённай бальніцай, якая знаходзілася на другім беразе ракі, ажыццяўлялась не праз мост (яго проста не было), а праз пераправу, якая працавала не рэгулярна. А вясной у ледаход і зусім спынялася.
Важныя рашэнні Міхаіл Іванавіч прымаў сам, часу не было з кімсьці раіцца. Успамінае выпадак, калі на ФАП прывезлі жанчыну з крывацёкам пасля родаў, трэба было ратаваць яе жыццё, нягледзячы на адсутнасць практыкі. Тады яго па тэлефоне ў часе аперацыі кансультаваў хірург з раённай бальніцы.
Менавіта тады Міхаіл Іванавіч набыў неацэнны прафесійны досвед. Затым прыйшлося тры гады служыць у арміі старэйшым фельчарам.
Пасля вырашыў паступаць у інстытут. Абраў гарадзенскі медычны. Іспыты здаў паспяхова, вучоба давалася лёгка, яшчэ паспяваў падзарабляць у лякарні.
Пачаткова Міхаіл Іванавіч жадаў звязаць сваё жыццё з неўралогіяй, але атрымаў размеркаванне выкладчыкам нервовых хвароб у медычнае вучылішча ў Юрацішкі. А ў мясцовай бальніцы яму прапанавалі пасаду інфекцыяніста. Міхаіл Іванавіч пагадзіўся, аб чым не шкадуе. Але прызнаецца, што яму нават цяпер больш цікавыя выпадкі, звязаныя з інфекцыямі нервовай сістэмы.
Інфекцыйныя хваробы заўсёды злучаны з рызыкай. І ў практыцы доктара Багуцкага было шмат небяспечных выпадкаў. Але пра рызыку думаць няма часу, калі трэба любым спосабам выратаваць хворага. І потым з задавальненнем назіраць, як пацыент ідзе на папраўку. Так было і нядаўна: у рэанімацыю інфекцыйнай бальніцы, дзе Міхаіл Іванавіч працуе як дасведчаны кансультант, паступіла дзіця з менінгітам. Дыягназ складаны, патрабавалася інтэнсіўнае лячэнне, і дзякуючы лекарам, маленькі пацыент выкараскаўся.
Да таго ж, Міхаіл Іванавіч выдатны выкладчык. Да студэнтаў ставіцца з разуменнем і імкнецца даць ім не толькі медыцынскія веды, але і пачуццё адказнасці, людскасці, спачування да пацыентаў.
“Той не лекар, – кажа ён,– пасля гутаркі з якім не становіцца лягчэй”.
Міхаіл Іванавіч паспяхова займаецца навуковай дзейнасцю, з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых прац, навучальных дапаможнікаў для студэнтаў. Але прызнаецца, што ў душы ён больш лекар, чым навуковец.
Таленавіты ўрач упэўнены, што, калі б яму была дадзена магчымасць пачаць усё спачатку, то ён бы не мяняў нічога. Яго пакліканне – дапамагаць людзям.
Здымак vgr.by