Клуб, у якім вучаць дабрыні

Незвычайная дзіцячая ўстанова месціцца ў памяшкані, прадастаўленым Гарадзенскай праваслаўнай епархіяй і мае назву “Нарнія”, у гонар прыдуманай ангельска-ірландскім пісьменнікам Клайвам Льюісам казачнай краіны.

 

Клуб “Нарнія”паўстаў 9 лістапада 2010 года па ініцыятыве Вольгі Кароткай у супрацоўніцтве са студэнткамі Гарадзенскага медуніверсітэта Дар’яй Зубрыцкай і Веранікай Марчук.

 

Стваральніцы клуба паставілі сваёй мэтай зрабіць больш цікавым, разнастайным і карысным вольны час дзяцей, якія навучаюцца ў гарадзенскіх сярэдніх школах №2 і № 27.

 

Заняткі, дзеля правядзення якіх клуб ангажуе сёння ўжо больш за трыццаць валанцёраў, адбываюцца для дзяцей розных узростаў і з розных (у тым ліку малазабяспечаных) сем’яў у пазашкольны час, два разы на тыдзень.

 

Як заўважылі стваральніцы клуба і бацькі яго выхаванцаў, наведванне заняткаў у “Нарніі” спрыяе развіццю ў дзяцей інтэлектуальных і фізічных здольнасцей, а таксама вучыць неканфліктным зносінам, без абраз і боек. Акрамя таго, дзякуючы ў тым ліку павучаючым размовам са святарамі, наведвальнікі “Нарніі” вучацца міласэрнасці і ўменню прабачаць. Невыпадкова партнёрамі “Нарніі” ў нашым горадзе з’яўляюцца між іншым хоспісы, карэкцыйныя цэнтры Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада і нават прыёмнікі-размеркавальнікі для дзяцей і падлеткаў.

 

“Акрамя таго мы праводзім з дзецьмі заняткі па прафарыентацыі”, – расказвае “Твайму стылю” Дар’я Зубрыцкая. Дзеля гэтага ў клуб рэгулярна запрашаюцца людзі розных прафесій. “У нас бываюць і цырульнікі, і лекары, і скульптары, і іншыя адмыслоўцы”, – дадае нашая суразмоўца.

 

Карэспандэнт “Твайго стыля” наведаў адзін з заняткаў, прысвечаны бісерапляценню. Праводзіла яго вядомая ў Гродне майстрыха Надзея Пальчынская (на першым здымку). Дзяўчына займаецца бісерапляценнем ужо некалькі гадоў. Нягледзячы на цяжкае захворванне (Надзея церпіць на наднырачнікавую недастатковасць) майстрыха адкрытая да кантактаў і яе цешыць, калі яна можа дапамагаць іншым. Майстар-класы ў “Нарніі” ствараюць ёй такую магчымасць.

На самым пачатку занятку Надзея, якой дапамагалі яе мама, а таксама стваральніца “Нарніі” Вольга Кароткая, раздала дзеткам бісер і дрот. “Я буду плесці ялінку” – абвесціла майстрыха і пачала дэталёва дэманстраваць, як яна гэта робіць. Дзеці ўзяліся дружна паўтараць за ёй. Калі ў некага нешта не выходзіла, на дапамогу прыходзіла сама Надзея, а таксама яе памочніцы.

 

“Я сваю ялінку падару на Новы год матулі!” – узрадавана абвесціла адна з дзяўчынак, калі майстар-клас быў скончаны. Падчас занятку ў памяшканне зазірнуў айцец Грыгорый, каб далікатна пацікавіцца, як ідуць справы. З’яўленне святара нікога не збянтэжыла. “Бо наш клуб – гэта вялікая дружная сям’я, у якой пануюць цеплыня і ўтульнасць”, – патлумачыла Вольга Кароткая.

 

Заснавальніца “Нарніі” распавяла, што ў клубе праводзяцца таксама кулінарныя майстар-класы. “А на пачатку снежня, у Міжнародны дзень інваліда і валанцёра мы ладзілі творчы вечар пад назвай “Дары радасць” з удзелам навучэнцаў музычнага каледжа, студэнтаў універсітэта і іншых людзей, зацікаўленых тэмай валанцёрства і дапамогі людзям з абмежаваннямі”, – расказала спадарыня Вольга.

 

Клуб “Нарнія” з’яўляецца адным з праектаў, рэалізаваных Гарадзенскім дабрачынным таварыствам. Паводле яго дырэктаркі Алены Малышчык, пра “Нарнію” ведаюць ужо  многія. “Куды б мы не звярнуліся, нам амаль ніколі не адмаўляюць у дапамозе”, – падкрэслівае спадарыня Алена. Такім чынам  выхаванцы “Нарніі” мелі ўжо магымасць наведаць і Дом-музей Максіма Багдановіча, і Музей гісторыі рэлігіі, і Дом-музей  Элізы Ажэшкі, і, канешне, заапарк.

Пасля занятку па бісерапляценні. Другая злева – каардынатарка працы клуба “Нарнія” Вольга Кароткая. У цэнтры – Надзея Пальчынская

 

Праца клуба “Нарнія” абмяркоўваецца штомесяц на адмысловым сходзе валанцёраў. Матэрыяльныя затраты па дзейнасці ўстановы бярэ на сябе Гарадзенская праваслаўная епархія.

 

Здымкі аўтаркі