У Гродне пройдуць міжнародныя “Заалагічныя чытанні”
Сёлета сярод арганізатараў канферэнцыі – ГрДУ імя Янкі Купалы, Навукова-Практычны Цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсам, ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт , Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, Інстытут біялогіі і аховы навакольнага асяроддзя Паморскай акадэміі ў Слупску, Тульскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Л.Н. Талстога, Чаркаскі нацыянальны ўніверсітэт імя Багдана Хмяльніцкага.
Сустаршыня аргкамітэту Дзмітрый Вінчэўскі:
– Ужо ў першых заалагічных чытаннях, якія адбыліся ў мінулым годзе і задумваліся як рэспубліканскія, прынялі ўдзел прадстаўнікі розных краін. Каб падтрымаць гэты статус, сёлета мы запрасілі двух суарганізатараў з Польшчы, па адным з Украіны і Расіі.
Праграма рыхтуецца цікавая і разнастайная, будзем абмяркоўваць розныя напрамкі заалагічных даследванняў, запросім да ўдзелу і геабатанікаў.
Чакаем ад 100 да 150 удзельнікаў (летась было каля 100).
Удзельнікі абмяркуюць сучасныя аспекты фауністычных даследаванняў, маніторынга і кадастра жывёльнага свету; актуальныя праблемы экалогіі жывёл ва ўмовах росту антрапагеннага ўздзеяння і глабальных зменаў асяроддзя іх пражывання; захаванне біяразнастайнасці, рацыянальнае выкарыстанне і ахова рэсурсаў жывёльнага свету; эколага-ценатычную характарыстыку біятопаў як месцаў пражывання жывёл; сучасныя падыходы да выкладання заалагічных дысціплін у сярэдняй і вышэйшай школе.
Прыём заявак на ўдзел адкрыты да 16 студзеня 2013 года.
Афіцыйныя мовы: беларуская, руская, польская, англійская, украінская.
Падрабязная інфармацыя – на старонцы канферэнцыі : www.birdwatch.by/zooconfHrodna