Беларуская чыгунка праз стагоддзі

| Без катэгорыі

Нягледзячы на не вельмі ўдалы час – выстава пачыналася ў 16.00 – у залі музея сабралося шмат людзей рознага ўзросту. Былі школьнікі, студэнты, а таксама дынастыі чыгуначнікаў і ветэраны, якіх спецыяльна запрасілі на адкрыццё выставы.

 

Мерапрыемства распачаў дырэктар Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, нагадаўшы, што чыгунка, якая 150 год таму ўпершыню прайшла праз наш горад, стала эканамічным стымулам для яго развіцця.

 

Сапраўды, усе сучасныя буйныя гарады Беларусі – гэта тыя, праз якія калісьці праклалі чыгуначныя шляхі, што злучылі іх і сталі сапраўдным рухавіком не толькі ў эканамічным плане, але і ў культурным.

 

     
 

Станаўленне ўсёй чыгуначнай справы пачалося з будаўніцтва ў 1851 годзе, у рамках Пецярбурска-Варшаўскай магістралі, першага на беларускай зямлі чыгуначнага ўчастка Гродна-Парэчча, рух па якім быў адкрыты 27 снежня 1862 года.

Аднак  мала хто ведае, што да нядаўняга часу годам нараджэння беларускай чыгункі лічыўся 1871 – год пракладкі дарогі, якая злучала Маскву з Мінскам. І толькі ў сакавіку 2010 года гэтая дата была зменена.

 
     

 

Сучаснікам цяжка ўявіць, як мянялася простае правінцыйнае жыццё з прыходам чыгункі, але адзінае можна сказаць напэўна – змены былі вялікія і непазбежныя. Паглыбіцца ў атмасферу таго часу і дапамагае выстава. Тут сабраныя проста ўнікальныя экспанаты – ад рэканструкцыі формы праваднікоў і макетаў цягнікоў да аўтэнтычных элементаў адзення тагачасных чыгуначнікаў ды сапраўднага тэлеграфнага апарата.

 

align=”left” >

Як распавёў адзін з арганізатараў, супрацоўнік Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч, выстава рыхтавалася больш за год:

 

“Рыхтавацца мы пачалі ў пачатку 2012 года. Падрыхтоўка такой выставы заўсёды ідзе з перапынкамі, бо ў музэі ёсць і іншая штодзённая праца. Як і любая іншая вялікая выстава, яна патрабавала ахвяравання часу і грошай. Але мы змаглі набыць сапраўдны тэлеграфны апарат, цікавыя фотаздымкі ды чыгуначны інвентар, элементы формы. Нешта нам аддалі ветэраны. Дапамагалі ў стварэнні экспазіцыі гарадзенскія гісторыкі, калекцыянеры ды аматары даўніны”.

 

Экспанатаў сабралося вельмі шмат. І ўсе яны вызывалі непадробную цікаўнасць у прысутных. Асаблівую – дакладны макет старога, разбуранага амаль трыццаць год таму, вакзала. “Па недарэчнасці”, – дадаў Андрэй і выказаў надзею на яго аднаўленне.

Наведнікі з цікавасцю разглядалі макет старога гарадзенскага вакзала

 

Стары будынак вакзала фігураваў і ў невялічкім potpourri з розных фільмаў, дзеянні якіх праходзяць ці на вакзалах, ці звязаныя з чыгункай. Прысутным нагадалі, што менавіта ў нашым горадзе здымалі савецкі фільм “Міколка-паравоз”, дзякуючы якому можна ва ўсіх падрабязнасцях разглядзець стары будынак вакзала.

 

Як зазаначыў начальнік вакзала станцыі Гродна Аляксандр Сакалоўскі, адкрыццё выставы раней за юбілей дае магчымасць наведвальнікам адчуць усю атмасферу дарогі і зрабіць своеасаблівае падарожжа ў часе.

 

Расказаў Аляксандр Сакалоўскі і пра тое, што будзе далей на гарадзенскім участку беларускай чыгункі:

 

“У нашым аддзяленні чыгункі застаецца яшчэ з савецкіх часоў неэлектрыфікаваны ўчастак. Гэта шлях з Гродна да Маладзечна. Па планах у 2015 годзе павінны курсаваць цягнікі з такой хуткасцю, каб за 3,5 гадзіны прыехаць з нашага горада ў сталіцу. У 2008 годзе чыгунку на нашым аддзяленні ўвогуле хацелі разабраць. Але ўжо 2012 год, мы святкуем  150-годдзе і маем планы на будучыню. Я ведаю і веру, што такія хуткасныя цягнікі праз Гродна пойдуць і чыгунка тут  ажыве”.

 

Наведнікі маглі не толькі пачаставацца смачненькім…

…але і выпіць гарбаты з традыцыйных шклянак з металічнымі падстаўкамі.

 

Здымкі Яна Лялевіча