Сяргей Кашын: “Палярнага мікроба зжыць немагчыма”
Сяргей, мы знайшлі вас дзякуючы фатаграфіі, дзе вы трымаеце плакат гарадзенскага “Нёмана”. Раскажыце гісторыю гэтага здымка.
Я сам з Мурманска, але маю знаёмага, ураджэнца Гродна і заўзятара “Нёмана”, які папрасіў зрабіць для яго такую фатаграфію. Ён даслаў мне герб, я надрукаваў тут плакат і прагуляўся з ім да калоніі пінгвінаў. Спадзяюся, прыхільнікам “Нёмана” было прыемна ўбачыць, што іх клуб вядомы нават у Паўднёвым паўшар’і. Аб гэтай слаўнай камандзе я трохі чуў ад сябра, ды і па зводках спартыўных навін сачу за яе поспехамі.
Што вы ведаеце пра Гродна і пра Беларусь?
На жаль, ведаю вельмі мала, у асноўным – па расказах сяброў, якія бывалі ў Беларусі, і па інфармацыі з інтэрнэту. Водгукі вельмі станоўчыя, як аб самой краіне, так і аб гасціннасці жыхароў. Шчыра спадзяюся, што ў адпачынку змагу наведаць Беларусь, з якой маю радзіму многае звязвае.
Як вы сталі палярнікам?
Гэта адбылося неяк непрыкметна і хутка. Пасля вучобы мне прапанавалі папрацаваць на расійскай палярнай станцыі Шпіцберген. У мяне было моцнае жаданне паглядзець свет і ўдыхнуць на поўныя грудзі палярнай рамантыкі – так і пачалася мая палярная гісторыя. Арктыка прыцягвае і не адпускае, нават у адпачынку пасля доўгай зімоўкі праз тыдзень-другі пачынае цягнуць назад, на Поўнач. А ад Арктыкі да Антарктыды зусім недалёка.
Па спецыяльнасці я гідролаг, мая задача – назіранне за працэсамі, якія працякаюць у марах і акіянах. Назіраць ёсць за чым: лядовыя з’явы, ваганні ўзроўню вады, тэмпература і салёнасць марскіх вод, плыні.
Станцыя Белінсгаўзэн, дзе зараз жыве Сяргей Кашын
У якіх экспедыцыях вы ўдзельнічалі?
На Шпіцбергене я адпрацаваў тры гады (2005-2008) на палярнай абсерваторыі ў Барэнцбургу, у Антарктыдзе зімаваў у 54-ай Расійскай Антарктычнай экспедыцыі, працаваў у сезонным атрадзе на борце “Акадэміка Фёдарава” ў 56-ай РАЭ і цяпер зімую на станцыі Белінсгаўзэн па праграме 57-ай РАЭ.
Раскажыце пра жыццё на станцыі. Які ён: стандартны дзень палярніка?
Калі няма якіх-небудзь аўральным работ, звязаных з непагаддзю і забеспячэннем жыццядзейнасці станцыі, то дзень палярніка вельмі спакойны.
Пад’ём у 7 раніцы, у 8 можна паснедаць, з 9 да 13 гадзін – працоўны час, потым адна гадзіна на абед, з 14 да 17 гадзін – зноў праца. Вячэра ў 19 гадзін, пасля чаго – вольны час да 23.00. Пры гэтым распарадак не з’яўляецца чымсьці абавязковым, хутчэй гэта рэкамендацыя да дзеяння. Вядома, ніхто не дасць гультайнічаць з раніцы да вечара, але і лішняй працай нагружаць без неабходнасці не будуць.
Варта асобна разглядаць тых, хто працуе па вахце – механікаў дызельнай электрастанцыі (ДЭС), метэаролагаў. У механікаў рытм жыцця распісаны на 12-гадзінныя вахты, у метэаролага – па тэрмінах: кожныя 6 гадзін ён павінен выконваць назіранні і адпраўляць дадзеныя ў сусветную сетку.
Дастаецца і кухару, бо на сняданак ён устае раней за ўсіх.
Повар Аляксей Жукаў загарае на ганку ў вольнай хвіліне
Часам здараецца так, што трэба нейкую працу выканаць як мага хутчэй – гэта ці барацьба са стыхіяй, ці пагрузачна-разгрузачныя аперацыі, тады працуем усе як адзін без перапынкаў і перакураў. Але гэта рэдка.
Як вы праводзіце вольны час? Якія ў вас на станцыі забаўкі?
Забавак шмат. Ад банальнага прагляду кіно і перадач ТБ да спартыўных гульняў. На станцыі праводзяцца чэмпіянаты па розных відах спорту, ад валейбола да шахмат і нардаў. Апошнія гады сярод маладых палярнікаў папулярныя баі па лакальнай сетцы – у Counter Strike, напрыклад. У многіх ёсць хобі, скажам, наш начальнік ДЭС у вольны час займаецца зборкай мадэляў паруснікаў у бутэльках, а інжынер па прыродаахове – маляваннем карцін.
Што ўваходзіць у рацыён палярніка?
Кухня ў нас традыцыйная, усходнееўрапейская, хоць усё залежыць ад кваліфікацыі і добрасумленнасці кухара, ды і ад захаванасці прадуктаў, вядома. Шмат мясных страў, рыбы, гарніраў з натуральных прадуктаў, гародніна і садавіна, сокі. На святы наш кухар радуе нас ролламі, выдатнымі тортамі ўласнага вырабу. Усялякія растваральныя і замарожаныя паўфабрыкаты стараемся выкарыстоўваць у апошнюю чаргу.
Цюлень у рацыён палярніка не ўваходзіць
Ці даводзілася вам спрабаваць нешта незвычайнае, напрыклад, мяса белага мядзведзя?
Не, такой экзотыкі спрабаваць не даводзілася. Што белыя мядзведзі ў Арктыцы, што пінгвіны і чайкі ў Антарктыцы – усе яны знаходзяцца пад абаронай Дагавора аб Антарктыдзе, і якое-небудзь паляванне на іх ці збор яек забаронены. Так што цешым сябе рыбнай лоўляй.
Акрамя інтэрнэту, якія каналы сувязі ў вас ёсць з “Вялікай зямлёй”?
Спадарожнікавы тэлефон Inmarsat-C, ёсць Iridium, старае добрае радыё. Як правіла, на кожнай станцыі знаходзіцца адзін-два радыёаматары, якія азбукай Морзэ трымаюць сувязь з такімі ж аматарамі па ўсім свеце.
Радыёрубка – сувязь з рэштай свету
Ці ёсць у палярнікаў спецыфічнае пачуццё гумару, жарты, зразумелыя толькі ім?
Вядома, палярнікі – людзі з пачуццём нумару, але гумар у нас спецыфічны, большасць жартаў і кур’ёзаў смешныя толькі ў дружным мужчынскім калектыве. Больш за тое, у кожнага калектыва станцыі за зімоўку з’яўляюцца зразумелыя толькі ім так званыя “мемы”. Скажам, наш будаўнічы атрад атрымаў мянушку “бабры”, двух нашых радыёаматараў клічуць “павукамі” – за нацягнутыя тут і там антэны. Адпаведна, вакол усяго гэтага ўтвараецца цэлы пласт жартаў.
На ўсіх палярных станцыях фраза “пайшлі вошай паганяць” разумеецца зусім інакш, чым на мацерыку – гэта запрашэнне пагуляць у вельмі папулярную сярод палярнікаў настольную гульню, вядомую як прыг-скок.
Якім чынам прырода Антарктыкі дзейнічае на чалавека? Што змяняецца ў свядомасці, якія якасці выхоўваюцца?
Як казаў Нансэн, галоўная якасць палярніка – гэта цярпенне, уменне чакаць. Менавіта яно выхоўваецца ў палярніка за час зімоўкі. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці і стрэсавыя сітуацыі, тут вучацца спакою, адказнасці, уменню сябраваць. Вучышся хутка прымаць правільныя рашэнні, думаць нестандартна, вырашаючы складаныя тэхнічныя задачы, дзейнічаць абдумана і смела.
Калі казаць шчыра, то Антарктыда песціць палярнікаў – шмат хто едзе на чарговую зімоўку не за грашыма і прыгажосцю прыроды, а за спакоем, прадказальнасцю – на зімоўцы няма ні тэрактаў, ні крызісу, ні шматлікіх бытавых праблем, якія атручваюць жыццё на Вялікай Зямлі, затое ёсць шчырасць, сяброўства і альтруізм.
Акрамя цяжкасцяў, напэўна бываюць і кур’ёзныя выпадкі. Падзяліцеся, калі ласка.
Успамінаецца байка пра ўдушэнне пінгвіна, якая адносіцца да савецкага перыяду. На адной са станцый адзін прыезджы сезоннік задаўся мэтай зрабіць пудзіла пінгвіна. Зброі ў нас няма, каб акуратна забіць птушку, ды і не прынята ў нас так рабіць. Але таварыш слухаць нічога не хацеў, усё дазнаваўся, як пінгвіна можна здабыць цэлым і непашкоджаным.
Тады нехта з мацёрых палярнікаў параіў пінгвіна задушыць. Гэты сезоннік у адзін з пагодлівых дзён сышоў нібыта прагуляцца. З прагулкі ён вярнуўся ўвесь у лахманах і з ног да галавы ў экскрэментах. Высветлілася, што ён прыкладна адну гадзіну спрабаваў задушыць пінгвіна, аднак птушка раздзяўбала і запэцкала яму ўсю вопратку, а паміраць адмовілася. Скрозь слёзы і смех палярнікі яму патлумачылі, што пінгвіны, ныраючы за рыбай, здольныя затрымліваць дыханне на 20 хвілін, а паколькі шчыльна душыць у сезонніка не атрымлівалася – ўсе яго намаганні былі марныя.
Памятайце: задушыць пінгвіна надзвычай цяжка! Акрамя таго, яны пад аховай міжнароднага права
Прафесія палярніка асацыюецца з мужчынскай справай. Ці бывае, што жанчыны застаюцца на зімоўку ў Антарктыцы?
Мужчынская манаполія ў Антарктыдзе – гэта ўжо далёкае мінулае. На размешчанай па суседству чылійскай базе зімоўка ўсёй сям’ёй – даўно норма, нават дзіцячы садок ёсць для маленькіх палярнікаў. Падобная карціна і на іншых замежных станцыях. Расійская экспедыцыя на іх фоне глядзіцца больш кансерватыўнай, але і ў нас ёсць свае выдатныя палярніцы.
На нашай станцыі Белінсгаўзэн у розныя гады зімавала не менш за тры жанчыны, як правіла – прадстаўніцы навукі. У гэтым годзе з намі зімуе дзяўчына-батанік, а заадно і жонка аднаго з нашых калегаў. Станцыі Новалазараўская, Мірны, Усход і Прагрэс пакуль застаюцца мужчынскім запаведнікам, у сілу іх аддаленасці і суровасці туды пакуль слабаму полу шлях на зімоўку зачынены.
Бразільская яхта “Mar Sem Fim” патанула ля Белінсгаўзэна ў красавіку 2012 года. Ніхто з экіпажа, на шчасце, не пацярпеў
Як вы ўзаемадзейнічаеце са станцыямі іншых дзяржаў?
Антарктыду нездарма называюць кантынентам добрасуседства і супрацоўніцтва. Там, дзе станцыі розных краін размешчаны недалёка адна ад адной, сяброўскія візіты ў госці, сумесныя святы і спартовыя спаборніцтвы – частая з’ява. Аднак і на аддаленні ёсць пачуццё локця – ў выпадку якіх-небудзь ЧП дапамога аказваецца ўсімі магчымымі спосабамі.
Абмен дадзенымі, бескарыслівая ўзаемадапамога па гаспадарчых справах, зносіны – ўсё гэта заўсёды было і, спадзяюся, будзе. Вельмі дапамагае веданне ангельскай мовы, хоць з нашымі суседзямі на Белінсгаўзэне лепш ведаць іспанскую.
З 2004 года недалёка ад станцыі Беллінсгаўзэн дзейнічае праваслаўная царква Святой Тройцы – адзіная стала дзеючая царква ў Антарктыдзе. Раскажыце пра яе падрабязней.
Станцыя Белінсгаўзэн ганарыцца наяўнасцю дзеючага храма, які не толькі ўпрыгожвае мясцовасць, але і дазваляе адчуць сябе побач з радзімай. Пабудавалі яго ў Сібіры, на Алтаі, потым разабралі, пранумаравалі кожную дэталь і зноў сабралі ўжо тут, у Антарктыдзе.
Праваслаўная царква Святой Троіцы ў Антарктыдзе
Кожны год з намі зімуюць два святары. Як правіла, у іх ёсць другая, свецкая спецыяльнасць, што робіць іх паўнапраўнымі членамі калектыву палярнікаў. Урачыстыя службы, царкоўныя святы, нават шлюбы (сярод турыстаў гэта становіцца папулярным) – усё гэта ў немалай ступені робіць зімоўку ярчэйшай. Царква і званіца прыцягваюць суседзяў. Былі выпадкі, калі чылійцы, якія наведвалі службы ў час зімоўкі, па вяртанні ў Чылі пераходзілі ў праваслаўе.
У Антарктыды ёсць статус каласальнага прыроднага запаведніка з міжнародным кантролем дзейнасці станцый. Прысутнасць чалавека можа несці якую-небудзь пагрозу ўнікальнай прыродзе Антарктыкі?
Чалавек у Антарктыдзе заўсёды будзе іншародным целам. Дагавор аб Антарктыцы абмяжоўвае згубнае ўздзеянне, але не можа звесці яго да нуля – любы від дзейнасці так ці інакш, але ўносіць змены ў агульную карціну некранутай прыроды. Яна тут вельмі ранімая і сляды прысутнасці чалавека захоўваюцца многія гады. Мы стараемся быць акуратнымі, але поўнай гармоніі, на жаль, дасягнуць немагчыма.
Будучыня Антарктыкі вырашаецца сёння. Які Ваш прагноз адносна таго, як будзе развівацца Антарктыка ў XXI стагоддзі?
Спрагназаваць штосьці цяжка. Мяркую, што асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на развіцці транспарту і сувязі. Зараз вельмі высокі кошт утрымання палярных станцый выкліканы менавіта транспартнымі выдаткамі: углыб кантынента гаручае прыходзіцца дастаўляць цягачамі і самалётамі, імкнучыся паспець зрабіць усё за час кароткага антарктычнага лета.
Самалёт С-130 Геркулес, паветраныя сілы Бразіліі
У зімовы час сувязь з Антарктыдай, з берагавымі станцыямі практычна абрываецца – штармавое надвор’е і цяжкія льды заступаюць шлях нават спецыялізаваным судам, прыстасаваным для плавання ў льдах.
Другі напрамак – гэта ўкараненне альтэрнатыўных крыніц энергіі для мінімалізацыі забруджвання прыроды, аўтаматызацыя большасці руцінных работ і назіранняў, што дазволіць адпраўляць менш людзей на аддаленыя станцыі. Думаю, бліжэйшыя 20 гадоў Антарктыда будзе прыкладна такой жа, як цяпер, асаблівым навукова-турыстычным запаведнікам.
Шмат што залежыць ад лёсу Дамовы аб Антарктыцы, якая абмяжоўвае дзейнасць па эксплуатацыі прыродных багаццяў і прылеглых вод. У ідэале было б добра захоўваць статус-кво, у адваротным выпадку Антарктыда рызыкуе стаць полем бою карпарацый і буйных дзяржаў.
Якія дзіўныя рэчы тоіць у сабе Антарктыка? У чым яе унікальнасць?
Антарктыда – гэта апошні куток Зямлі, дзе чалавек пакуль не паспеў асабліва папрацаваць у плане разбурэння. Свет пінгвінаў, цюленяў, кітоў, марскіх птушак, якія не баяцца чалавека. Дагавор, ініцыятарам распрацоўкі і падпісання якога ў свой час стаў СССР, зрабіў Антарктыду кантынентам свету. Можна сказаць, што Антарктыда – гэта ўзор таго, як павінна выглядаць будучыня чалавецтва, калі людзі спыняць крывавыя міжусобіцы і знішчэнне прыроды, зоймуцца карыснай працай у гармоніі з навакольным асяроддзем і самім сабой.
Вельмі часта пра Антарктыду распавядаюць небыліцы, пачынаючы з таемных баз нацыстаў і НЛА і заканчваючы экзатычнымі монстрамі, якія падпільноўваюць палярнікаў у льдах. Усё гэта выглядае прыгожа, прывабліва, незвычайна, але да сапраўднага становішчу спраў не мае ніякага дачынення.
Ці сніцца вам запаляр’е, калі вяртаецеся на “Вялікую зямлю”? Ці складана адаптавацца да жыцця на мацерыку?
У Барэнцбурзе (Шпіцберген), на адным з будынкаў у цэнтры пасёлка, вісіць прыгожы плакат, на якім напісаныя радкі:
“.. Значыць, дзе б ты цяпер не вандраваў,
На парозе любой вясны
Будзеш трызніць снежнымі трасамі,
Будзеш бачыць снежныя сны”.
Любы палярнік з гэтым пагодзіцца – палярнага мікроба зжыць з сябе немагчыма. Запаляр’е, усё роўна, паўднёвае або паўночнае, заўсёды будзе дзесьці ў сэрцы, заўсёды з табой.
Адаптацыя залежыць ад чалавека, ад яго характару. У асноўнай масе палярнікі хутка прывыкаюць да зменлівых умоў, хоць ёсць і такія, хто на мацерыку адчувае сябе некамфортна і імкнецца вярнуцца ў суровы і просты свет за Палярным кругам. Шмат у чым гэта залежыць ад спадарожніц жыцця – далёка не кожная жанчына пагодзіцца на такі лад жыцця.
Здымкі з архіву Руслана Елісеева і Сяргея Кашына. Больш здымкаў: bellinshausen.livejournal.com