Ці была “італьянская” забастоўка ў сталоўцы ГрДУ?
“У чацвер тут былі проста горы нямытага посуду!” – “Каля дзвярэй сталоўкі было шмат асоб з адміністрацыі, але мы падумалі, што яны есці прыйшлі” – “Так, нешта было. Ды і зараз нешта абываецца. Усе нервовыя, бегаюць, нешта высвятляюць”, – кажуць нам студэнты, што прыйшлі паабедаць.
Сталоўка працуе. На пытанні аб забастоўцы кухары рэагуюць нервова. Моўчкі сыходзяць у падсобныя памяшканні. Нічога не адказваюць. Але ў прыватнай размове пацвярджаюць нашыя падазрэнні:
“У нас усё у чацвер пачалося. Ну, а што нам рабіць? Повар пятага разраду (гэта значыць, у працоўныя абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка страў і кулінарных вырабаў, якія патрабуюць асабліва складанай кулінарнай апрацоўкі – аўт.) атрымлівае на рукі 1 мільён 200 тысяч рублёў” – “Адміністрацыя ўніверсітэта ў курсе?” – “Так, яны да нас прыходзілі, размаўлялі, але сітуацыя можа працягвацца і далей”.
Ускосна словы калегі пацвярджае і касірка: “Хутка з такімі заробкамі ўсе адсюль пазбягаюць”. Цікаўлюся, колькі ж яна зарабляе? Аказваецца, адзін мільён…
Каб высвятліць сітуацыю, тэлефаную ў адміністрацыю ўніверсітэта. “У нас ніхто не бастуе і не баставаў. Не прыдумвайце. У нас усё нармальна”, – чую ў слухаўцы.
Італьянская забастоўка – форма пратэсту разам з забастоўкай і сабатажам, сэнс якой у строгім выкананні супрацоўнікамі прадпрыемства сваіх службовых абавязкаў і правіл, ні на крок не адыходзячы ад іх і ні на крок не выходзячы за іх межы. Такая форма забастоўкі прыводзіць да істотнага замаруджвання працы і адбіваецца на выніках. Часам італьянскі страйк называюць працай па правілах. | ||
Здымак Яна Лялевіча