Напярэдадні Калядаў выратавальнікі заклікаюць да асцярожнасці
Такім чынам яны імкнуцца прадухіліць пажары і няшчасныя выпадкі, якія штогод здараюцца з-за няправільнага выкарыстання піратэхнічных вырабаў.
У Гродне акцыя пройдзе ў 3 этапы:
Да 14 снежня выратавальнікі наведаюць навучальныя ўстановы з лекцыямі, гутаркамі, фільмамі, сустрэнуцца з дзецьмі і іх бацькамі.
З 17 да 22 снежня супрацоўнікі МНС выступяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
22 і 29 снежня прафілактычныя мерапрыемствы пройдуць у самых людных месцах Гродна: на вакзалах, рынках, адкрытых пляцоўках, на “Кароне”, у “АЛМІ”, у дзіцячых забаўляльных цэнтрах.
У “АЛМІ” на пр-це Касманаўтаў 29 снежня будзе працаваць гандлёвая кропка па продажы піратэхнічных вырабаў.
Акцыя “Бяспечны Новы год!” разгорнецца таксама ў друкаваных СМІ і ў эфіры радыё “Гродна Плюс”, дзе разыграюць прызы ад Гродзенскага гарадскога аддзела МНС.
Галоўны спецыяліст цэнтра прапаганды і навучання пры Гродзенскім абласным упраўленні МНС Аляксандр Сувораў:
– Напярэдадні Раства і Навагодніх святаў рынкі і гандлёвыя кропкі Гродна поўняцца піратэхнічнымі вырабамі, многія з якіх несэртыфікаваныя, робяцца невядома дзе і невядома як. З-за гэтага здараецца шмат непрыемнасцяў. Ракета можа заляцець і ў вакно.
Такія выпадкі бываюць у Гродне ў навагоднюю ноч, калі сям’я сядзіць за сталом, а ракета выбівае шкло і залятае ў кватэру. Кожны Новы год нашы супрацоўнікі выязджаюць на выклікі.
Першае, што трэба ведаць: ні ў якім разе нельга набываць піратэхнічыня вырабы з рук. На пятардзе абавязкова павінна быць інфармацыя пра правілы выкарыстання на рускай мове і адзнака аб тым, што прадукцыя прайшла сэртыфікацыю ў Рэспубліцы Беларусь.
З прадаўцамі нелегальных піратэхнічных вырабаў у Гродне будуць змагацца рэйды ў складзе супрацоўнікаў дзяржаўнага пажарнага нагляду і РАУС.