Турэцкая кампанія прапанавала інвестдамову на будаўніцтва Нямноўскай ГЭС
Нямноўская ГЭС стане другой электрастанцыяй на Нёмане.
Паводле намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка, ёсць і іншыя прапановы з боку патэнцыйных інвестараў, аднак турэцкая кампанія першая падрыхтавала праект дамовы. Канкурэнцыю ёй могуць скласці кампаніі з Расіі, Чэхіі, Кітая.
Інвестыцыі па Нямноўскай ГЭС перавысяць 100 мільёнаў даляраў.
Агульны кошт Нямноўскай ГЭС магутнасцю 18 МВт – каля 220 мільярдаў беларускіх рублёў у коштах 2006 года.
Інвестараў чакаюць праекты па будаўніцтве пяці беларускіх ГЭС: Нямноўскай, Аршанскай, Шклоўскай, Магілёўскай і Рэчыцкай.
Паводле дзяржаўнай праграмы будаўніцтва, у 2011-2015 гадах у Беларусі павінны быць уведзены ў эксплуатацыю 33 ГЭС агульнай магутнасцю 102,1 МВт. Сёлета запрацавала Гродзенская ГЭС.
Калі ўсе планы здзейсняцца, беларускія гідраэлектрастанцыі будуць выпрацоўваць 805,5 млн.кВт/г.
На сёння ў Беларусі працуе 41 ГЭС агульнай магутнасцю 16,1 МВт – каля 3% ад патэнцыялу.