У навагоднія святы гродзенскі заапарк будзе працаваць без выходных
Адмысловыя навагоднія экскурсіі распрацаваныя для дзетак 6-9 гадоў.
Загадчыца навукова-асветніцкім сектарам заапарка Алена Пятрова:
– Навагодняя экскурсія складаецца з 2 блокаў і разлічана амаль на 2 гадзіны. Спачатку сама экскурсія ў гульнёвай форме з загадкамі, конкурсамі, вікатарынамі, – Снягурка будзе весці дыялог з дзецьмі.
Абавязковы пункт у праграме – наведванне тэрарыўма, дзе можна будзе патрымаць сапраўдную змяю (хутчэй за ўсё гэта будзе бяскрыўдны полаз).
На бабульчыным дворыку ўжо ўпрыгожана елка, каля якой пройдзе гульнёвая праграма з казачнымі персанажамі. Кожны ўдзельнік атрымае невялічкі падарунак ад заапарка, які ўручыць Дзед Мароз.
У дзяцей будзе магчымасць бліжэй пазнаёміцца з ручнымі лісой і харком.
У мінулым годзе мы прапаноўвалі яшчэ катанне на восліку, але сёлета вельмі шмат снегу, таму хутчэй за ўсё ад гэтага пункту праграмы адмовімся.
Першая навагодняя экскурсія ў заапарку замоўлена на 19 снежня, апошнюю плануюць правесці 6 студзеня. За дзень супрацоўнікі заапарка могуць правесці не больш за 2 такіх экскурсіі і толькі па папярэдняй замове.
Акрамя платы за ўваходны білет, экскурсія на групу да 15 дзяцей каштуе 100 тысяч рублёў.
Гродзенскі заапарк і ў святы працуе ў звычайным рэжыме: з 10 да 16 гадзін і без выходных.
Толькі 31 снежня продаж білетаў на ўваход спыніцца ў 15 гадзін.
Замовіць навагоднюю экскурсію можна па тэлефоне: 72 07 37.
Здымак http://www.grodnozoo.by