Сярод зімы ў Гродна прыедзе вялікі футбол

|

Гарадзенскі стадыён мае адно з нямногіх у Беларусі і ці не лепшае ў краіне поле з падагрэвам. Менавіта таму варыянт з правядзеннем гульні БАТЭ ў еўракубках зімой у Гродне стаў актыўна абмяркоўвацца яшчэ ўвосень.

У сярэдзіне лістапада ў Гродна нават завітала інспекцыя з Еўрапейскай футбольнай асацыяцыі, якая праверыла адпаведнасць футбольнай інфраструктуры стадыёна “Нёман” высокім стандартам еўракубкавых турніраў.

 

Калі рашэнне пра правядзенне гульні ў Гродне будзе зацьверджана канчаткова, то гарадзенскіх заўзятараў чакае сапраўды цікавае футбольнае відовішча.

 

З аднаго боку – наймацнейшая каманда Беларусі, якая сем разоў запар станавілася чэмпіёнам краіны.

З іншага – адна з наймацнейшых каманд Турцыі, у складзе якой гуляюць такія добра вядомыя ў свеце футбалісты, як Дзірк Кёйт (Галандыя), Мілаш Красіч (Сербія), Муса Соў (Сенегал), Рауль Мейрэлеш (Партугалія), брамнік зборнай Турцыі Валкан Дземірэль.

 

У 1/16 Лігі Еўропы турэцкая каманда патрапіла з 1-га месца ў сваёй адборачнай групе, дзе апярэдзіла моцныя нямецкую “Барусію” з Мёнхенгладбаха і французкі “Алімпік” з Марсэлю.

 

БАТЭ перабраўся ў Лігу Еўропы пасля таго, як заняў 3-е месца ў сваёй групе ў Лізе чэмпіёнаў. Барысаўская каманда прапусціла наперад нямецкую “Баварыю” і іспанскую “Валенсію”, апярэдзіўшы французкі “Алімпік” з Лілю.

 

Цікава, што ў БАТЭ і “Фенэрбахчэ” аднолькавыя клубныя колеры – жоўта-сінія.

Так падтрымліваюць сваю каманду фанаты БАТЭ. Фота http://fannet.org


 

 А гэта ўжо фанаткі “Фенэрбахчэ”. Магчыма, некаторых з іх убачым і ў Гродне. Фота http://www.guardian.co.uk

 

Стадыя 1/16 Лігі Еўропы складаецца з двух сустрэч. Пасля гульні ў Гродне каманды праз тыдзень згуляюць у Стамбуле. Пераможца па суме двух сустрэч пройдзе ў 1/8 турніра.

 

Да гэтага часу самай прэстыжнай міжнароднай сустрэчай, згулянай на стадыёне “Нёман”, была гульня зборнай Беларусі супраць зборнай Андоры, якая адбылася ў 2009 г. і скончылася перамогай беларусаў з лікам 5-1.

 

Нягледзячы на невысокі статус суперніка, усе білеты на стадыён былі раскупленыя. Не меншага ажыятажу трэба чакаць і ад гульні з удзелам БАТЭ. Зіма наўрадці стане перашкодай для вялікага наплыву аматараў футболу.

 

Добра зарабіць на футболе можа і горад: з Барысава і Турцыі прыедзе нямала заўзятараў, што абяцае добры прыбытак уласнікам гарадзенскіх гатэляў, крамаў ды кавярняў.