Смецце: праблем менш не стала, а адказнасці ў людзей дадалося

Праект з мудрагелістай назвай “Садзейнічанне ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь” дзейнічае ў нашай краіне ўжо працяглы час.

 

Перадача тэхнікі была арганізавана як мае быць – з урачыстым пераразаннем стужачкі, прамовамі чыноўнікаў. У рамках сумеснага праекта плануецца зрабіць яшчэ шмат, а пакуль, на першым этапе, мастоўская ЖКГ атрымала смеццявоз.

 

Вадзім Зубрыцкі, тэхнічны каардынатар па пытаннях абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі, зазначыў:

 

“Гэта ўнікальная машына еўрапейскага стандарта, аналагаў якой яшчэ няма на Беларусі. Галоўнае, што яна можа абслугоўваць усю лінейку еўрапейскіх кантэйнераў, якія таксама былі перададзеныя мастаўчанам. Што вельмі важна, машына абсталявана адмысловым фільтрам! Ад яе няма ніякага паху і тым больш нічога не выцякае, як гэта часцяком бывае са старымі машынамі падобнага тыпу”.

Кантэйнеры і біякампосцеры атрыманыя мастоўскай ЖКГ у межах праекта

 

Разам са смеццявозам мастоўская ЖКГ атрымала яшчэ бульдозер для працы на палігоне, вялікую колькасць кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, а таксама біакампосцеры, якія будуць перадавацца на дамоўнай аснове ў індывідуальныя дамы.

 

Мы наведалі адну з мастоўскіх хат, каб на свае вочы ўбачыць, як ужо на практыцы пачынае дзейнічаць праграма. Гаспадыня дома вядзе нас на падворак, дзе стаіць простая на першы погляд скрыня. Шэрая, пластыкавая, невялікая. Гэта і ёсць біакампосцер.

Таццяна Дудко і яе новы біякампосцер

 

“Не трэба капаць кампостныя ямы і нешта выдумляць. Паставілі і забылі! Паху ніякага няма. Вяльмі зручна! І не трэба аплочваць вываз гэтага смецця. Суцэльная эканомія! Мала месца займае, стаіць сабе ў кутку, а кампост можна выкарыстоўваць для ўгнаення агарода”, – трохі збянтэжыўшыся кажа Таццяна Дудко, паказваючы нам сваё новае абсталяванне.

 

Нават намеснік міністра прыродных рэсурсах і аховы навакольнага асяроддзя РБ Анатоль Ліс у размове з журналістамі заўважыў:

 

align=”left” alt=”Міністр Арсень Ліс” >

“Масты – гэта вельмі характэрны для Беларусі рэгіён. Тут большасць індывідуальных дамоў і большасць сельскага насельніцтва, таму такія біякантэйнеры – вельмі важная справа”.

 

Па гэтых крытэрыях Масты і былі абраныя для пілотнага праекта па ўвядзенні новага метада збору смецця.

 

“Каардынатарам праекта ў нашай краіне з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў. Жадаючых прыняць удзел у праграме было вельмі шмат. На конкурс было пададзена 30 заявак, але мы адабралі толькі два гарады. Гэта Кобрын і Масты.

 

У Кобрыне больш гарадскога насельніцтва. Там гэты праект выглядае трошкі інакш. Больш увагі надаецца паасобнаму збору смецця ў шматкватэрных дамах”.

 

У планах праграмы ў Мастах – закупка біярэактара, выдзяленне на агульным смеццевым палігоне асобнай пляцоўкі для захавання зялёных (галіны, біясмецце, лісце) адыходаў. Працы яшчэ шмат – рэканструяваць сартыровачную станцыю, набыць адмысловыя прэсы, пагрузчыкі ды арганізаваць эколагабяспечнае захаванне небяспечных адыходаў. Гаворка ідзе аб лямпачках ды рэчах, якія ўтрымоўваюць, напрыклад, ртуць ці іншыя шкодныя рэчывы.

 

Важную ролю ў засвойванні новага метада барацьбы са смеццем грае прапаганда. У рамках праекта гэта таксама прадугледжана. Напрыклад, мастоўскіх школьнікаў возяць на адмысловыя экскурсіі на сартыровачную станцыю, праводзяцца спецыяльныя экалагічныя заняткі.

Схема збору смецця ў Мастах

 

Калі ў Мастах гэтая справа толькі пачынаецца, дык у Гродне дастаткова даўно былі пастаўлены адмысловыя сметніцы для паасабнога збору смецця. І ў дварах, і ў парку Жылібера, і ў цэнтры горада. Аднак часцяком мы бачым такую карціну: на дваравых тэрыторыях стаяць вялікія кантэйнеры, напрыклад, з пластыкам. Перапоўненыя, бо тэхніка не паспявае вывозіць. Аб гэтай праблеме я і спытала Анатоля Ліса.

 

Аказалася, справа ў тым, што ў нашым горадзе няма адмысловага смеццеперапрацоўваючага завода, ёсць толькі сартыровачныя станцыі, магутнасцяў якіх не хапае на усё Гродна.

 

“Зараз на ўзроўні міністэрстваў распрацоўваецца план будаўніцтва такога буйнога завода. Цяпер камунальныя службы ў вашым горадзе проста не паспяваюць вывозіць і пераапрацоўваць той аб’ём другасных адыходаў, што збіраецца.

 

Але ж і гараджане яшчэ не вельмі адказныя. Часцяком, напрыклад, у баках, дзе павінна быць толькі папера, ляжыць пластык. Ды і з пластыкам не ўсё так лёгка – яго трэба раздзяляць па колерах ды па якасці. Таму ад камунальных службаў патрабуецца яшчэ дасартыроўка смецця. Робіцца гэта ўсё прымітыўнымі спосабамі. І ўжо потым адсартаванае і ўшчыльненае смецце адпраўляецца на іншыя заводы, каб атрымаць другое жыццё”.

 

Што тычыцца Мастоў, дык дырэктар Мастоўскай ЖКГ Сяргей Фралоў зазначыў:

 

“Мы гарантуем, што смецце, якое пойдзе на далейшую пераапрацоўку, будзе своечасова вывозіцца. Праблем з вывазам змешаных адыходаў таксама не будзе. У нас ёсць патрэбная для гэтага тэхніка”.

 

Здымкі Яна Лялевіча