Каляды – свята ў сярэдзіне зімы

Нашыя продкі таксама з нецярпеннем чакалі Калядаў і таксама спадзяваліся. Як і мы зараз. Толькі вось традыцыі святкавання былі крыху іншымі чым сёння. Зараз у нашай культуры змяшалася вельмі шмат розных плыняў. Гэта тычыцца таксама і навагодніх святаў. Ці гэта добра, ці дрэнна – не ведаю. Зараз нам нікуды не схавацца ад іншых культур. Ды і ці трэба? Адзінае, што важна – не забываць сваю.


А ці прыйдзе тое лета?

 

Каляды наўпрост звязаны з Сонцам. Не толькі нашыя продкі, але і іншыя народы надавалі сонцу пэўнае значэнне: па ім звяралі час, да яго поўнага кругавароту вакол Зямлі прымяркоўвалі гадавыя календары. У нашых продкаў-язычнікаў сонейка ўвогуле ўшаноўвалася, як адно з галоўных бостваў. Чаму? Разлік быў просты: ад Сонца сапраўды залежыла жыццё.

 

Калі ночы станавіліся даўжэйшыя за дні, старадаўні чалавек пачынаў хвалявацца – а ці прыйдзе тое лета яшчэ раз? Таму перыяду зімовага сонцастаяння надавалася вельмі важнае значэнне. У гэты час пачынае адраджацца на новы віток жыцця Бог – Сонца. I сапраўды, з гэтага часу павялічваецца дзень, сонейка з кожным днём усё вышэй падымаецца над гарызонтам, што набліжае вясенняе цяпло і адраджэнне зямной прыроды і чаго чакалі з вялікай надзеяй славяне-земляробы.

 

Нам, у век электрычнасці, гэта ўсё мала зразумела, але раней у гонар адраджэння Бога-Сонца ў народзе праводзіліся шматлікія ўрачыстасці і святкаванні, якія ў славян замацаваліся пад агульнаю назвай – Каляды.

 

На Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 21 студзеня. Але ж язычніцкія Каляды не мелі дачынення ані да католікаў, ані да праваслаўных.

 

Падобнае разыходжанне ў датах святкавання звязана з гісторыяй рэлігіі ў нашым краі. З надыходам хрысціянства, язычніцтва выцяснялася са свядомасці. Аднак, як свята, Каляды працягвалі функцыянаваць у народным асяродку і паступова зліліся са святам хрысціянскіх канфесій, у якіх на дні зімовага сонцастаяння прыпадае нараджэнне Ісуса Хрыста.

align=”middle” alt=”Каляды” >


У час Каляд на вуліцы можна сустрэць казу ці мядзведзя

 

Старадаўнія калядныя святкаванні добра захаваліся. Відаць, невыпадкова, бо Каляды былі аднымі з самых вялікіх святаў нашых продкаў. Традыцыі святкавання перадаваліся з пакалення ў пакаленне, пакуль не дайшлі да нас.

 

Ужо мала каго здзіўляюць калядоўшчыкі на вуліцах сучаных гарадоў. Менавіта яны былі ці не галоўнымі дзеючымі асобамі калядных свят.

Калядаваць пачыналі 25 снежня ці 7 студзеня ўвечары. Хадзілі з казоў, мядзведзем ці нават буслом. У гэтых жывёл пераапранаўся найбольш верткі ды гаваркі хлопец з кампаніі. Бо роля ж надта адказная! Разам з жывой “казой” маглі насіць і яе чучала з саломы. І вось такой вясёлай гурбой калядоўшчыкі завітвалі ў хаты і дамы, каб праславіць гаспадароў у гэтыя святочныя дні.

 

Іх хаджэнню ў народзе надавалася магічнае значэнне. Такім чынам заручаліся падтрымкай багоў ці Бога на наступны год. Таму гаспадары імкнуліся вельмі шчодра адарыць калядоўшчыкаў, каб нікога не пакрыўдзіць.


Надышлі  Калядкі, бліны ды аладкі

 

Што тычыцца святочнага стала, дык тут былі свае правілы. Язычніцкія традыцыі ў гэтыя дні вельмі шчыльна перамешаны з хрысціянскімі. Таму куццю – па сваёй сутнасці язычніцкую страву – можна і зараз убачыць на калядным стале.

 

Куццёй называлі і ўласна ўвесь стол, што накрывалі тры разы за Каляды. Дзве куцці былі постныя, “бедныя”, а адна – “багатая” з каўбасамі і рознымі смачнымі стравамі з мяса. Святочныя застоллі праходзілі ці ў вузкім сямейным коле, ці запрашалі ў госці сваякоў. Гэта свята лічылася сямейным. Кожны імкнуўся гэтыя вечары правесці ў атачэнні родных і блізкіх. Здаецца, за столькі часу нічога не змянілася.

 

Традыцыйна калядны стол выкладалі сенам. Потым засцілалі белым абрусам. І ўжо тады выкладалі на яго стравы. З сенам звязана цікавая традыцыя: пасля таго, як першы раз пад’елі куццёй, саджалі дзяцей вакол стала і яны цягнулі тое сена. “Як сена доўгае, то, кажуць, лён зродзіць”, – успамінаюць у вёсках.

 

Пасля Багатай куцці, той, якая з мяснымі стравамі, пачыналі варажыць дзяўчаты. Варажба – неад’емная частка Каляд. Дзяўчаты гадалі аб будучым замужжы і сваёй долі.

 

Гадалі па-рознаму. Напрыклад, шмат варажбы звязана з аладкамі, яшчэ адной традыцыйнай стравай на калядным стале. Аладкі ці галадкі, які іх называюць у некаторых мясцовасцях нашага рэгіёна, кідалі сабаку. Чыю аладку сабака першы з’есць, той і пашанцуе першай сярод сябровак выйсці замуж. Аладкі кідалі і курам, і самі елі, пры гэтым слухаючы адкуль будзе брахаць сабака. У той бок, лічылі, і пойдзе замуж.

 

Шмат гаданняў было заснавана на парных або няпарных ліках: абдымалі штахеціны агароджы. Лічылася, калі абдымалася парная лічба, дык быць дзяўчыне ў пары ў гэтым годзе. Ці гаданне на нітках. Дзяўчаты павінны адрэзаць ніткі аднолькавай даўжыні і падпаліць іх. У каго першай дагарыць нітка, тая і замуж першая выйдзе. Калі нітка патухла адразу ці згарэла менш за палову, то замуж гэтая дзяўчына наогул не выйдзе.

 

Канешне, была папулярнай варажба пры дапамозе люстэрак ці воска, таксама заглядвалі ў вокны, каб убачыць сцэнкі са свайго будучага жыцця.

 

Калядныя святы праходзілі шумна ды весела. Не абыходзілася без традыцыйных святочных вячорак, на якія збіраліся маладзёны з усёй акругі. Тут і танчылі, і вадзілі карагоды, гралі ў розныя гульні, варажылі. Карацей, усё як зараз, толькі пры адсутнасці тэлевізараў ды інтэрнэту.

 

Апошнюю куццю, постную, называлі “нішчымнай”. У гэты дзень (5 ці 18 студзеня) звалі на вячэру мароз. Гаспадар выходзіў на двор і крычаў: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці”. Усе сядалі за стол, кожны стараўся дагадзіць марозу, каб зіма была не сцюдзёнай, вясна цёплай, а ўраджай – багатым. Калі на наступны дзень цяплела, то лічылася, што марозу спадабалася ў гасцях.

 

На раніцу наступнага дня гаспадыня пякла бліны, а гаспадар з першым спечаным бліном ішоў “адпісвацца” Каляды – своеасаблівы абрад развітання. Над парогам хаты, над варотамі, над дзвярыма хлявоў і іншых памяшканняў ён маляваў крэйдай крыжыкі.

 

Калядныя святкаванні сканчаліся, застаючыся ў памяці сапраўды яркай, маляўнічай кропкай. Беларусы і тады ўмелі весяліцца! Наперадзе былі цяжкія дні працы, барацьба за жыццё, праблемы, збор ураджаю, вячоркі. Кругаварот жыцця бясконцы: і наступныя Каляды чакалі з нецярпеннем і салодкім пачуццём набліжэння святаў.

 

Здымкі prosto-free.livejournal.com, ampby.org i Андрэя Лянкевіча