Рэтра-цягнік прыбыў. А што далей?

| Без катэгорыі

Насамрэч цягнікоў ў гэты дзень было ажно два. Першы, з чыгуначнікамі і чыноўнікамі, адправіўся з Гродна ў Парэчча, каб там сустрэць яшчэ адзін, які па сцэнару, як і 150 гадоў таму, прыбываў на станцыю па магістралі Санкт-Пецярбург – Варшава. Адзін з іх неўзабвае будзе вазіць турыстаў да Парэчча. Аднак адмысловых рэтра-вагонаў яшчэ няма, запрошанныя дэлегацыі і госці ехалі ў звычайных сучасных вагонах.

Гродна. 150-годдзе беларускай чыгункі абвяшчаюць раз-пораз гудкі паравоза ды 15-мятровая расцяжка перад няскончаным рамонтам вакзала

 

Гледзячы на старыя чорныя паравозы, якія выстрэльваюць бела-шэрай парай, на імгненне можна ўявіць, што адчувалі жыхары невялікага мястэчка Парэчча ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя, калі ўпершыню ўбачылі гэткі цуд тэхнікі. Сапраўды, простыя жыхары вельмі чакалі прыбыцця цягніка, выдумляючы пра яго розныя міты. Казалі, што падобны ён ці на чарцяня ці на чорную птушку ды імчыць з надзвычайнай хуткасцю.

Усярэдзіне паравоза ўсё як і паўстагоддзя таму

 

Зараз жа прысутныя, якія сабраліся каля адрамантаванага парэчскага вакзала, з нецярпеннем чакалі прыбыцця адноўленага цягніка. Час цягнуўся марудна, здавалася, што цягнік ледзь рухаецца. Сапраўды, за паўтары стагоддзі хуткасці змяніліся!

У рэтра цягніку скрозь эклектыка: паравоз збудаваны на металаапрацоўчым заводзе імені Сталіна ў польскім Познані ў год смерці савецкага тырана, чыгуначнік у машынным аддзеле быў у форме ХІХ ст., вагоны і правадніцы ў іх – зусім сучасныя.

 

А пакуль дэлегацыі з чыноўнікамі не прыехалі, цікаўных адціснулі ад перону  міліцыянты. На тое, што адбывалася, жыхары Парэчча маглі глядзець толькі стоячы збоку ад будынка вакзала.

Хлопчыкі-разносчыкі “Губернскіх ведамасцей”

 

Цягнік сапраўды ўражвае, пераносячы на імгненне ў часы чорна-белых вестэрнаў. Нягледзячы нават на тое, што паравоз маркі ЭР быў зроблены ў  1953 годзе, недзе праз 100 гадоў пасля даты, якую ў гэтым годзе адзначае чыгунка ў Беларусі. Тым не менш, тэатральнае прадстаўленне вяртала нас у сярэдзіну ХІХ стагоддзя.

 

На пероне ўсім жадаючым маленькія хлопчыкі раздавалі газеты тых часоў, мяшчанкі ў доўгіх спадніцах махалі насоўкамі прыбыўшаму цягніку, а начальнік станцыі, апрануты па модзе тых часоў, біў у вялікі звон, апавяшчаючы тым самым аб прыбыцці састава.

А вось і другі цягнік. На ім прыязджае актор драматычнага тэатра Аляксандр Шалкаплясаў, які ўвайшоў у ролю высокага чыноўніка з Пецярбурга, што кіраваў будаўніцтвам чыгуначнай трасы.

 

У памяшканні вакзала, дзе яшчэ пахне фарбай і тынкоўкай, часова адкрылі выставу, прысвечаную 150-годдзю чыгункі. Разам з беларускай часткай, свае экспанаты, распавядаючы пра будаўніцтва чыгункі ў Беластоку, прывезлі палякі. Тут жа быў арганізаваны продаж памятных марак, паштовак, капэртаў са спецыяльны гашэннем.

Рэтра-вагон пакуль што толькі адзін

 

Каля вакзала ўрачыста адкрылі помнік-макет першаму цягніку. На цырымоніі намеснік міністра транспарта і камунікацыі Аляксандр Шышко распавёў аб планах:

 

“Запуск такога цягніка – гэта толькі пачатак вялікай справы. Цалкам магчыма і гэта нават рэальныя планы, што тая частка чыгуначнай дарогі, што была разабрана на літоўскім баку, будзе адноўлена, і праз Парэчча, як і раней, пойдуць цягнікі. Гэта, канешне, вельмі добра паўплывае на развіццё мястэчка”.

 

Тым часам на пероне для гледачоў разыгрывалася ўрачыстае адпраўленне цягніка далей. Быццам бы на Варшаву.

Пасля ўрачыстага запуска рэтра-цягніка засталося толькі адно пытанне: а што далей? Бо для таго, каб у Парэчча паехалі турысты, аднаго вагона, які больш-менш нагадвае рэтра – мала. Мала і таго, што зараз зроблена  ў будынку вакзала.

 

Здымкі Яна Лялевіча і Вольгі Мілавай