Як сустрэць і пражыць Новы год экалагічна


“Быць экалагічным вельмі важна, – кажа ініцыятарка сустрэчы, актывістка ініцыятыўнай групы “Зялёны Гродна” Надзея Крапівіна, – асабліва ў святы, калі мы набываем шмат. Менавіта пасля святаў колькасць смецця ўзрастае ў разы, што, канешне, шкодна для нашай планеты”.

 

align=”left” alt=”Надзея Крапівіна” >

Аб тым, што і як можна зрабіць, каб сустрэць Новы год экалагічна, Надзея распавяла і чытачам  “Твайго стыля”:

 

Па-першае, пільную ўвагу трэба звярнуць на елку. Яна, канешне, галоўная гераіня святаў. Лепш выбіраць лясную прыгажуню ў кадцы, каб потым можна было яе высадзіць у зямлю. Гэта экалагічна і, здаецца, вельмі правільна. Тыя елкі, якія масава высякаюцца на святы, растуць у лясных гаспадарках 6-7 гадоў, а потым пасля святочных дзён проста выкідаюцца.

 

Зараз становіцца модна ўпрыгожваць елку і дом у эка-стылі. А гэта яшчэ і эканамічна! Падключыўшы сваю фанатазію, з падручных матэрыялаў можна зрабіць вельмі стылёвыя і прыгожыя рэчы. Напрыклад, са старых выкарастаных лямпачак атрымліваюцца сапраўдныя навагоднія шары на ялінку.

 

Пажадана, канешне, адмовіцца ад пластыкавых упрыгожванняў, бо тое, што прадаюць у нас, часцей за ўсё зроблена ў Кітаі. Там да экалогіі ставяцца вельмі неахайна. Невядома якія рэчывы выкарыстоўваліся пры іх вытворчасці, гэта можа быць шкодна для здароўя.

 

Эколагі рэкамендуюць выбіраць зручныя і патрэбныя падарункі. Напрыклад, квіткі на любімую п’есу, праяздны на грамадскі траспарт ці нейкія вельмі патрэбныя паслугі. А яшчэ вельмі добра зрабіць падарунак своімі рукамі, тым больш хэнд-мэйд зараз у трэндзе. У інтэрнеце можна знайсці вялікую колькасць майстар-класаў.

 

Вялікую праблему для планеты стварае ўпакоўка. Куды б мы не азірнуліся –  яна паўсюль. І яна не заўсёды экалагічная. Пластыкавыя пакеты, пластыкавыя бутэлькі, папера з пластыкавым напыленнем. Канешне, вельмі шмат вытворцаў зараз прапануюць экалагічную ўпакоўку. Але пакуль невядома ці сапраўды яна добра раскладаецца ў глебе.

 

Таму, упакоўваючы свае падарункі, трэба памятаць, што ёсць папера, зробленая з другасных адыходаў. Нешта можна прыдумаць і самім. Напрыклад, пашыць адмысловыя мяшэчкі з натуральных тканін.

 

Было б вельмі файна, каб людзі ў навагоднія святы (і не толькі) не набывалі аднаразовых прадметаў. Гэта папяровыя шклянкі, сурветкі, талеркі, лыжкі, відэльцы. Усе яны толькі павялічваюць колькасць смецця. Каб пакідаць пасля сябе менш смецця, яшчэ да святаў можна пачаць раздзяляць яго ў сябе ў хаце. Можа быць гэта стане вашай добрай звычкай у Новым годзе!

 

Здымкі Вольгі Камягінай