Вынікі года за 15 хвілін ад Сямёна Шапіры
“Мне здаецца, нашыя жыхары ў мінаючым годзе зрабілі нямала. Найбольш важкі ўклад у развіцце харчовай бяспекі нашай краіны ўнесла менавіта нашая вобласць. Мы павялічылі амаль на 10% аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі” – менавіта з гэтай важная інфармацыі пачаў падсумаванне вынікаў года Сямён Шапіра.
Сапраўды, у гэтай галіне было зроблена шмат – пабудавана ды перабудавана 20 малочна-таварных комплексаў. З кожнай каровы ў нашай вобласці атрымліваюць 5 тон малака. А гэта лепшыя паказчыкі ў рэспубліцы! Так сказаў старшыня аблвыканкама.
Сярод станоўчых вынікаў у галіне прамысловасці ён адзначыў будаўніцтва на заводзе “Краснасельскбудматэрыялы” новай лініі сумесна з кітайцамі па вытворчасці цэмента сухім спосабам.
Канешне, успомніўся ўвод у эксплуатацыю Гродзенскай ГЭС, якая ўжо пачала даваць электрычнасць, а таксама будаўніцтва першага ў Беларусі заводу гарачага ацынкавання даўгамерных вырабаў.
“Калі казаць аб горадзе, то тут у нас ёсць значныя зрухі ў рашэнні транспартных праблем” – зазаначыў Сямён Шапіра.
Сапраўды, у гэтым годзе была ўведзена ў эксплуатацыя аб’яздная дарога, якая павінна разгрузіць цэнтр горада ды палепшыць яго экалогію.
У гэтым годзе было пабудавана больш за 5000 квадратных метраў новага жылля, а вось у надыходзячым годзе плануецца пабудаваць ужо каля 8000.
Адзначыў Сямён Шапіра і рамонт вуліц, увядзенне сацыяльнаважных аб’ектаў. Гэта заапарк, два садкі, лазневы комплекс у Гродне ды новая школа ў Іўеўскім раёне.
З культурных падзей – рэканструкцыя тэатра лялек, калектыў якога стаў лаўрэатам у чатырох намінацыях Нацыянальнай тэатральнай прэміі РБ.
Дарэчы, Сямён Шапіра паабяцаў, што самы стары тэатральны будынак краіны на днях нарэшце будзе афіцыйна адчынены, нягледзячы на тое, што ў сваіх сценах ён ужо прымае маленькіх гледачоў. Нагадаем, што афіцыйнае адкрыццё запланаванае на 19 снежня не адбылося, бо на мерапрыемства не прыехаў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
У цэлым, працягваюцца працы па перабудове будынка філармоніі. У наступным годзе яны павінны быць скончаны. І тады ў горада з’явіцца самая вялікая канцэртная зала, ажно на 1300 месцаў. Таксама скончыцца будоўля яшчэ аднага моладзевага цэнтра, дзе чамусьці будзе тры асобных рэстараны (!). Разлічаны цэнтр будзе на 3-4 тысячы чалавек.
Свой канчатковы выгляд у наступным годзе набудзе чыгуначны вакзал. Памежны пераход “Прывалка” будзе дабудаваны. Плануецца на яго будоўлю засвоіць яшчэ 60 млрд. рублёў. Гэта такая ж сума, што была затрачана на яго рэканструкцыю ў гэтым годзе.
Вялікія планы і ў іншых сферах. Напрыклад, будзе створана 50 новых прадпрыемстваў, інфекцыйную бальніцу ды фтызіятрыю чакае вялікая перабудова. А вось, літаральна, на днях будзе адчынены ваенны шпіталь… Такія планы на будучы год.
Здымак Міхаіла Ісачэнкі, grodnonews.by