Гарадзенскія вынікі года: версія “Твайго стылю”


Палітыка

 

На палітычным алімпе было рознае: і выбары ў Нацыянальны сход пятага склікання, і чарговы арышт журналіста Анджэя Пачобута, і перавод  у гарадзенскую турму двух палітвязняў – Мікалая Аўтуховіча і Зміцера Дашкевіча.

 

Увядзенне рускамоўных класаў у адзіную ў горадзе польскую школу выклікала абурэнне гарадзенскіх палякаў. Як вынік, ў пачатку лета, у дзень адкрыцця Фестываля нацыянальных культур, была разагнана акцыя супраць русіфікацыі школы. Над затрыманымі ўдзельнікамі прайшлі суды.

 

Судовымі справамі адзначыўся і канец года. За ўдзел у традыцыйных мерапрыемствах па ўшанаванні памяці ўдзельнікаў паўстання 1863 года ў Свіслачы і Якушоўцы былі затрыманы людзі. Некаторым з іх суд выносіў вырак завочна.

 

У нашай краіне культура, відаць, не можа абыходзіцца без палітыкі. Таму ў шэраг палітычных спраў трапілі такія выданні, як падручнік “Гродназнаўства” і часопіс “Arche”. У першым выпадку скандал разгарэўся з нагоды таго, што кніга была  выдадзена не дзяржаўным выдавецтвам, а выйшла ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”. Да таго ж з “крамольнай” канцэпцыяй ілюстрацый і ідэалагічна “няправільным” апошнім параграфам. Гісторыкаў, што працавалі над кнігай, неўзабавае пачалі выклікаць у рэктарат для гутаркі з супрацоўнікамі КДБ. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч з-за гэтай гісторыі страціў працу.

Эдвард Дмухоўскі, адзін з аўтараў канцэпцыі ілюстрацый “Гродназнаўства”

 

Што тычыцца “Arche”, то менавіта ў Гродне ў верасні 2012 года быў затрыманы рэдактар часопіса Валер Булгакаў. Супрацоўнікі падатковай інспекцыі здзейснілі кантрольную закупку адразу пасля прэзентацыі кніжных навінак і арыштавалі каля 200 экзэмпляраў кніг і часопісаў. У кастрычніку Булгакава аштрафавалі на 500 тысяч рублёў і сканфіскавалі кнігі. Неўзабаве рэдактар з’ехаў за мяжу.

 

Эканоміка

 

У 2012 годзе мы шукалі ў крамах таннае малако ды вельмі хваляваліся наконт таго, што цэны на мяса падымуцца. Яны і сапраўды павялічыліся. Былі паднятыя адпускныя цэны не толькі на мяса, але і на тварог, малако ды смятану.

Больш чым 200 рабочых ААТ “Гродна Азот” у сярэдзіне года адмовіліся падпісваць афіцыйнае папярэджанне адміністрацыі прадпрыемства аб зменах ва ўмовах працы і звярнуліся ў Беларускі незалежны прафсаюз з просьбай разабрацца ў сітуацыі. З канца восені актыўна стала абмяркоўвацца неабходнасць мадэрнізацыі вытворчасці, кошт якой можа скласці 1 млд даляраў. Інвеставаць у “Азот” прапанавалася індусам. Тыя, зрэшты, у 2012 годзе запамятаюцца гарадзенцам як пастаўшчыкі радыёактыўных канструкцый для ЦЭЦ-2.

 

Людзей па-ранейшаму непакояць мізэрныя заробкі, на якія цяжка пражыць. Пратэстны настрой дакаціўся нават да сталоўкі ў галоўным корпусе ГрДУ, дзе, па некаторых дадзеных, прайшоў “італьянскі” страйк.

 

З вялікіх эканамічных падзей можна адзначыць аб’яднанне ААТ “Азот” з “Хімвалакно”,  а таксама запуск ГЭС на Нёмане.

 

Горадабудаўніцтва

 

Здаецца, 2012-ы можна без прыўкрас назваць годам вялікай будоўлі. Суцэльная рэканструкцыя! Нарэшце быў адкрыты фасад дома купца Мураўёва, што на Савецкай плошчы. Аднак калі гэты гістарычны будынак адрэстаўруюць цалкам – невядома.

Дом Мураўёва ў дзень адкрыцця фасада

 

Будынак гарадзенскай філармоніі таксама пачалі перабудоўваць. У будынку былога кінатэатра “Гродна” нарэшце адкрылі моладзевы цэнтр, дзе пакуль праводзяцца толькі дыскатэкі.

 

Аднавілі і самы стары ў Беларусі тэатральны будынак, канца ХVІІІ стагоддзя – сённяшні Тэатр лялек. Тут не абышлося без скандала. Аляксандр Ігнаценка, які ўзначальваў Гродзенскі абласны тэатр лялек трынаццаць з паловай гадоў, напісаў заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Звальненне дырэктара адбылося неўзабаве пасля напісання калектыўнага ліста да міністра культуры і сустрэчы актораў і кіраўніцтва тэатра са старшынём аблвыканкама Сямёнам Шапірам. Падпісанты ліста прасілі звярнуць пільную ўвагу на правядзенне ў будынку тэатра рэстаўрацыйных работ, якія пагражаюць знішчэннем адметнасцяў помніка архітэктуры.

 

У выніку дырэктар змяніўся, а будаўнічыя працы ў тэатры ўзяў пад пільны кантроль Сямён Шапіра (ад яго месца працы да тэатра – некалькі хвілін пешкі). Нягледзячы на гэта, урачыстае адкрыццё тэатра фактычна правалілася: на яго не прыехаў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, а без такога госця тэатр вырашылі наогул не адкрываць. Праўда, Сямён Барысавіч у тэлевыступе 28 снежня паабяцаў адкрыць тэатр “на днях”.

 

У горада нарэшце з’явілася кальцавая дарога, а таксама пачала актыўна будавацца аб’яздная, што  звяжа трасу М6 і памежны пераход “Брузгі”. У яе межах узводзяць сапраўдны стратэгічны аб’ект – мост праз Нёман.

 

Каля Каробчыц пачалі будаваць комплекс для зімовага адпачынку. Неўзабаве ў нашым горадзе з’явіцца горналыжная траса даўжынёй 450 метраў.

 

Чыгуначны вакзал таксама трапіў ва ўсеагульную хвалю перабудоў. Відаць, з нагоды 150-годдзя чыгункі. Аднак працы на ім ідуць значна павольней, чым запланавана. Прыйшлося нават імправізаваць з залай чакання.

Імправізаваная зала чакання

 

Не абышлося без разбурэнняў. Новы Свет страціў некалькі будынкаў. У час перабудовы вуліцы Астроўскага быў знесены дом, які перад вайной пабудаваў гарадзенскі доктар Беклемішаў. Гэта быў яскравы прыклад “драўлянага” канструктывізму, да апошняга часу там месціўся эндакрыналагічны дыспансер. На скрыжаванні вуліц Астроўскага і Дзяржынскага драўляныя дамы былі знесены першага лістапада.

 

Ахвярамі масштабных перабудоў сталі дрэвы. Нягледзячы на грамадскія слуханні, іх усё роўна спілоўвалі. Недзе, як ля чыгуначнага вакзала, пашкодзілі карані. Па ўсім старым горадзе па загадзе пракуратуры былі пазначаны каля 300 дрэў, якія трэба вырубіць. Дзякуючы неабыякавым гараджанам лёс іх да канца не вырашаны. Пытанне вырубкі перанесена на вясну, каб была магчымасць правільна ацаніць стан дрэваў у цэнтры горада.

Дзякуючы жыхарам вуліцы Леніна вырубку дрэваў на ёй адклалі да вясны

 

Экалогія

 

Летам у Нёмане гінула рыба. Ды і ўзровень ракі ў жніўні значна панізіўся, што выклікала  непакой у спецыялістаў ды простых жыхароў горада.

 

16 лістапада ў нашым горадзе адкрыўся першы регіянальны Орхускі цэнтр.

 

З’явілася “Зялёная мапа”, якая можа падказаць гарадзенцам,як пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў і адходаў.

Другі беларускі форум раварыстаў прайшоў у Гродне. На здымку: майстар клас па падрыхтоўцы ровара да зімы

 

15 верасня Гродна стала часткай міжнароднага грамадскага руху “Сусветная прыборка-2012”, у якой прынялі ўдзел не толькі экалагічныя актывісты ды валанцёры, аднак яе падтрымалі  чыноўнікі гарвыканкама ды студэнты ГрДУ. У верасні ж прайшоў Другі форум велаактывістаў.

 

Культура

 

На першы погляд у горадзе мала што адбываецца ў плане культурнага жыцця, аднак калі азірнуцца на 2012 год, то мерапрыемстваў аказалася  вельмі шмат.

Флагман афіцыйнага культурнага жыцця – Фестываль нацыянальных культур – прайшоў пад суцэльным дажджом і пры дрэнным надвор’і.

 

Пабачыць, як і чым жывуць музеі з усёй краіны гарадзенці змаглі на Першым музейным форуме. Наведаў яго і тагачасны міністр культуры Павел Латушка. А вось ІII Фестываль моладзевай журналістыкі сабраў маладых журналістаў, вядомых блогераў ды вядомых журналістаў незалежных СМІ.

 

Гурт “Людзі на балоце” выдаў свой першы дыск, яго прэзентацыя прайшла на сцэне драмтэатра. Зараз зрэдку і з цяжкасцямі арганізоўваюцца падобныя мерапрыемствы, таму канцэрт стаў сапраўдным падарункам гарадзенскім аматарам гурта.

 

Традыцыйна ў пачатку лістапада прайшлі Дні святога Губерта ў праграме якіх былі Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест”, выставы, канцэрт, прэзентацыі і майстар-класы. Польскім навукоўцам Марыюшу Савіцкаму, Янушу Даробішу і Лене Глагоўскай, якія павінны былі прыехаць на навуковую канферэнцыю, адмовілі ў атрыманні віз. Пад забаронай нечакана апынуўся і традыцыйны турнір па сярэднявечнай стральбе з лука “Страла святога Губерта”.

Адмыслова да Дзён Губерта быў выдадзены “Гарадзенскі каляндар”

 

Выстава пераможцаў конкурса “Прэс-фота Беларусі 2012” прайшла ў Гродне. Сёлета гэта была другая выстава ў Беларусі, на якой паказаныя ўсе 280 здымкаў пераможцаў. На думку арганізатараў, яна і апошняя: больш памяшканняў, дзе можна выставіць неадцэнзураваную выставу, у краіне можна і не знайсці.

 

У Гродне здымалі кіно! Канешне, для нашага старога горада, дзе здымкі праходзяць ці не кожныя паўгода, гэта не навіна, аднак гарадзенцы былі ўражаны і з цікаўнасцю не толькі назіралі за тым, што адбывалася на здымачнай пляцоўцы, але і з задавальненнем самі прымалі ўдзел, здымаючыся ў масавых сцэнах. Кінаверсію тэлевізійнага фільма “Сляды апосталаў” плануецца ўпершыню паказаць у абласных цэнтрах Беларусі  9 мая 2013 года.

Апошнія моманты падрыхтоўкі да прыбыцця рэтра-цягніка ў Парэчча. Рассцілаюць чырвоны дыван


150-годдзе беларускай чыгункі адзначылі запускам рэтра-цягніка з Гродна ў Парэчча. Падзею рыхтавалі вельмі доўга, перабудоўваючы чыгуначную дарогу, паўстанкі і старэйшы вакзал у Беларусі.

 

Здарэнні

 

Камунальны калапс, што адбыўся ў снежні ў Гродне, стаў ці не самым вялікім тэхнагенным здарэннем у нашым горадзе за апошнія гады. Цягам некалькіх гадзін амаль у палове горада адсутнічала цяпло і гарачая вада.

Вялікая вада на вуліцы Татарскай – кіпнем заліло некалькі дамоў

 

У лютым на Савецкай плошчы перакулілася машына, памяўшы металічную агароджу. Абышлося без ахвяраў. На жаль з ахвярамі былі дзве аварыі, што адбыліся па дарозе на Каробчыцы. У кастрычніку прычэп, які адарваўся ад КАМАЗа, пратараніў легкавік, што накіроўваўся ў бок мяжы з Польшчай. На месцы загінулі жанчына-кіроўца, яе 14-гадовая дачка і 70-гадовая маці. У чэрвені гарадзенскія студэнты адзначалі заканчэнне сесіі, ехалі ў Каробчыцы, абганяючы на трох машынах адзін аднаго. Вынік: дзяўчына загінула, шасцёра параненыя.

 

У траўні гарэў “Азот”. Тады ў кацельным цэху абрынулася частка даху.

 

У жніўні непрыемныя  падарункі  прынесла прырода – начная навальніца  з моцным  ураганным ветрам пераварочвала машыны і ламала дрэвы. Тады ж з-за тумана на трасе Мінск-Гродна сутыкнуліся ажно 5 машын.

 

У пачатку зімы раптоўна выпаў снег, да якога камунальныя службы былі не зусім гатовыя. Свае двары гарадзенцы расчышчалі самі, а на дарогах, па словах кіроўцаў, быў “суцэльны кашмар”.

Са снегам змагаліся некалькі дзён

 

Спорт

 

У 2012 годзе праходзіла Алімпіяда ў Лондане, дзе выступалі ў складзе зборнай і гарадзенскія спартоўцы. Гэта пісталетчыкі  Канстанцін Лукашык, Віталь Бубновіч, футбаліст “Нёмана” Андрэй Варанкоў. У спаборніцтвах па кіданні молата змагаліся Валерый Святоха, Павал Крывіцкі ды Іван Ціхан. Аднак Івана за дзень да старта ў Лондане знялі са спаборніцтваў з-за допінгу. Пры гэтым станоўчымі аказаліся допінг-пробы, узятыя ў Ціхана яшчэ на Алімпіядзе 2004 года.

 

На параалімпійскіх гульнях гарадзенка Наталля Шавель заняла пятае месца ў комплексным плаванні на 200 метраў.

 

Для гарадзенскага футбольнага клуба “Нёман” у 2012 годзе быў адзін з самых удалых сезонаў за апошнія 10 год. Вынік – пятае месца ў Вышэйшай Лізе.

 

Ілюстрацыя americasvoiceonline.org. Здымкі аўтараў “Твайго стылю”