Калядная паштоўка таксама мае гісторыю
– Тут прадстаўлена звыш 130 паштовак. Самая старая з пачатку ХХ стагоддзя, – расказвае Святлана Чушынская, загадчык аддзела народнай творчасці (на фота ніжэй). – Выстава мае назву “З гісторыі каляднай і навагодняй паштоўкі” і створана з фондасховішчаў гродзенскага гісторыка –археалагічнага музея. Паштоўкі, што прадстаўленыя на выставе, выдадзеныя ў розных краінах: Германіі, Францыі, ЗША, Расіі, Беларусі.
Найбольш цікавымі, на маю думку, з’яўляюцца паштоўкі пачатку ХХ стагоддзя. Наогул, нашая выстава дае магчымасць прасачыць гісторыю навагодняй паштоўкі. На самых старых мы бачым традыцыйныя навагоднія сюжэты, хрысціянскія, заснежаныя хаткі, вельмі прыгожыя краявіды.
Асабліва ганаруся тым, што тут змешчаная цэлая серыя паштовак вядомай расійскай мастачкі Елізаветы Бём. На іх вельмі цікавыя дзіцячыя сюжэты: мы бачым не толькі дзетак падчас навагодніх святаў, але і цікавыя надпісы. А вось, напрыклад, паштоўкі з галінкамі елкі: гэта сімвал Раства, сімвал вечнасці жыцця.
Менавіта праз паштоўку можна ўбачыць, як святкаваліся каляды. Убачыць гісторыю калядных святаў.
Як даўно музей збірае калядныя паштоўкі?
– Музей збірае паштоўкі з самага пачатку свайго існавання. У калекцыі больш за 200 паштовак. Вельмі цікавыя паштоўкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны: гэта паштовыя карткі. На іх мы бачым не толькі мужных абаронцаў Айчыны, але і выявы вежаў Крамля і надпісы “З Новым Годам!”. Зразумела, што ў той час паштоўкі з’яўляліся моцным сродкам агітацыі і прапаганды. Таксама цікавыя паштоўкі 40-х гадоў ХХ стагоддзя, выдадзенныя ў Польшчы.
Выстава калядных паштовак у Гродне адбываецца ўпершыню. Саму выставу дапаўняюць навагоднія цацкі 40-х гадоў ХХ стагоддзя. Старэйшае пакаленне можа ўбачыць цацкі з атрыбутыкай, а моладзь усміхнецца, убачыўшы такія простыя на першы погляд упрыгожванні.
Здымкі аўтара