Калі сыходзяць легенды

|

Здавалася, што ён будзе заўсёды. Неверагодна, але гэты чалавек памятаў зусім іншую Гародню, тую, якую мы можам толькі ўяўляць. А ўявіць цяжка. Яшчэ ў 1921 годзе сярод насельніцтва горада габрэяў была амаль палова. Паводле перапісу 2000 года габрэі складалі ўсяго 0,1%.

 

Пра тое, якім быў горад да вайны, нам і распавядаў Рыгор Хасід. Я ўжо не памятаю, з якой нагоды мы прыходзілі да яго ў сінагогу, але дзіўным чынам гэтыя сустрэчы адбіліся ў маёй памяці ды засталіся там агенчыкамі, што асвятляюць шлях далей.

 

Памятаю, мы сядзелі (які раз!) у халоднай белай зале сінагогі і слухалі, як ён распавядае пра аблічча горада, пра танцы, пра святы, пра простае гарадское жыццё. Слухалі, літаральна адкрыўшы рот, уяўляючы “дыскатэкі” трыццатых ды беларускія вечарыны, што праходзілі ў адным з дамоў на сённяшняй вуліцы Карла Маркса. Да такой ступені тая Гародня здавалася казачнай, непаўторнай і  нерэальнай, што нават асэнсаваць было цяжка.

 

Але вось жа перад намі сядзіць чалавек, які жыў ў ёй і бачыў, як горад хутка і назаўсёды мяняецца. Роднай мовай яго быў ідыш, на якім тады размаўляла хіба што не палова нашага горада. Ён часта ў сваіх размовах са студэнтамі ды журналістамі звяртаўся да беларускага нацыянальнага пытання, праводзіў паралелі пра беларускую ды габрэйскую мовы, іх агульны трагічны лёс. Расказваў ён нам і пра тое, як яму пашчасціла выжыць, як ён змог жыць далей.

 

Тады я здзіўлялася той моцы, якая была ў гэтага чалавека. Той моцы, якая нараджаецца ў чалавека толькі ў нейкія крытычныя моманты. Ці яна, ці нейкі лёс дапамагаў яму ўсё перажыць і крочыць далей. Для мяне ён застаецца тым ідэальным прыкладам  барацьбы за сябе і з сабой. Бо каб перамагчы свой унутраны страх, пакорлівасць лёсу ды нават сваю абыкавасць – трэба перамагчы  ў першу чаргу сябе.

 

А яшчэ знайсці сілы, каб жыць далей, несці боль ды ўсё сваё жыццё распавядаць пра тое, што перажыў. А яшчэ быць чымсьці накшталт машыны часу, вяртаючы нас у Гародню 70-гадовай даўніны, пагружаючы ў атмасферу таго жыцця. Ды так умела, што мне дагэтуль здаецца, што я сапраўды туды трапляла. Туды, калі яшчэ не было вайны, ішло мірнае суіснаванне розных культур, а жыццё віравала. Гэтыя крупінкі даваеннай Гародні я з пяшчотай і асцярогай захоўваю недзе на паліцах сваёй памяці.

 

Распавядаў нам Рыгор Хасід пра сваё жыццё у час вайны ў адным з двух гета, аб тым, як хадзіў на працу за горад, як да яго ставіліся немцы, як жылі і як паміралі яго родныя, блізкія, суседзі і зусім незнаёмыя людзі…

 

Калі 2,5 тыс. габрэяў замкнулі ў сінагозе, Рыгор Хасід быў сярод гэтых людзей. Потым усіх сагналі ў эшалон і адправілі ў Трэблінку. Па дарозе Рыгору ўдалося выскачыць з цягніка, а бацька застаўся і пазней загінуў, як і маці з сястрой, што засталіся ў гета.

 

Шчыра кажучы, мне заўсёды было нудна слухаць аповеды пра вайну, напэўна, з-за савецкага дзяцінства, калі тэму гэтую ўсоўвалі куды заўгодна. І калі мы ішлі на першую сустрэчы да Хасіда, я была скептычна настроена. Ну што чалавек новага раскажа? Расказаў! З гумарам, нібы не было той трагедыі, але і сур’ёзна, з сапраўднымі пачуццямі, калі ўспамінаў сваю сям’ю. Гэты расповед урэзаўся ў памяць нейкай белай плямай, як той снег, у які ён скочыў з цягніка. Расказваў ён і пра тое, як паўтары гады бадзяўся па гарадзенскіх лясах, а потым прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці габрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх.

 

Нам цяжка ўявіць, але Рыгор Хасід, па сутнасці, заставаўся ці не апошнім асколкам той культуры ды, калі так можна сказаць, габрэйскай цывілізацыі, што развівалася ў нашым горадзе, пачынаючы з ХІV стагоддзя. Усяго з амаль 30 тысяч габрэяў, што жылі калісьці ў нашым горадзе, пасля вайны засталося толькі каля 200 чалавек. Толькі адзінкі вырашылі звязаць свой далейшы лёс з нашым горадам. Астатнія раз’ехаліся хто куды. Рыгор Хасід увогуле быў апошнім вязнем гарадзенскага гета з тых, што і пасля жылі ў Гародні.

 

Ён, перажыўшы сапраўды жахлівыя рэчы, усё сваё жыцце прысвяціў настаўніцкай працы. Выкладаў фізіку ў школах горада. Імкнуўся распавядаць нам, новым і маладым жыхарам Гародні, пра  свой горад, якога мы ніколі ўжо не пабачым. Толькі з часам разумееш, што кожная сустрэча з жывым носьбітам гісторыі – вялікая каштоўнасць, як дыяменты сярод жыццёвага смецця.