Паказ моды XVIII стагоддзя адбудзецца ў Гродне
Мерапрыемства пачнецца з паказу моды XVIII i XIX стагоддзя.
“У нас ужо пашытыя некалькі касцюмаў з гэтай эпохі, – паведаміў Сяргей Іваноў, кіраўнік праекта “Жывая гісторыя”. – У гэтых касцюмах на сцэне гарадзенскага моладзевага цэнтра пройдуць акторкі нашага тэатра. На ролю самога Тызенгаўза, які адкрые дзень мод, мы пакуль яшчэ не абралі актора”.
Некалькі касцюмаў гарадзенцы ўжо маглі бачыць на “Калядах у Элізы Ажэшкі” – серыі мерапрыемстваў, што праходзіла ў Гродне ў другой палове снежня. Касцюмы пашытыя па арыгінальных макетах XVIII i XIX стагоддзяў.
У гарадзенскім дне мод прымуць удзел прадстаўнікі вядомых на Гарадзеншчыне фабрык адзення: “Ювіта”, “Крэда”, “Дынама”.
“Акрамя паказу моды Новага часу, гледачоў чакае шмат іншых мерапрыемстваў, – працягвае Сяргей Іваноў. – Гэта паказ фрызур, майстар-класы па цырульніцкай і манікюрнай справе. Гандляры касметыкі і біжутэрыі змогуць прадставіць свае новыя калекцыі. Гледачы змогуць таксама ўбачыць паказы тэатраў мод, fashion-паказы, якія будуць ацэньваць прадстаўнікі адмысловага журы з Мінска. Склад журы пакуль трымаецца ў сакрэце і будзе абвешчаны напярэдадні мерапрыемства”.
Здымак з экспазіцыі выставы ў межах “Каляд у Элізы Ажэшкі”, grodnonews.by